Экс-рэктар Гродзенскага медуніверсітэта перастаў быць чальцом Савета Рэспублікі
Былы рэктар Гродзенскага медыцынскага ўніверсітэта Віктар Сняжыцкі перастаў быць чальцом Савета Рэспублікі. Адпаведная пастанова пра датэрміновае спыненне яго паўнамоцтваў зарэгістраваная на Нацыянальным прававым інтэрнэт-партале.
У каментары TUT.by Сняжыцкі заявіў, што гэта было яго рашэнне і прыняў ён яго з прычыны свайго стану здароўя. Дарэчы, у Савет Рэспублікі яго абралі ў лістападзе 2019 года. У папярэднім скліканні ён таксама займаў крэсла ў Савеце Рэспублікі.
Пасля жорсткага збіцця пратэстоўцаў Сняжыцкі напісаў на сваё старонцы ў Фэйсбуку: "Дарагія сябры! Падтрымліваю сваіх калег-медыкаў і ўсіх, хто пратэставаў супраць гвалту і затрыманняў. Кадры, якія сведчаць пра жорсткае збіццё дэманстрантаў, — шакуюць. Толькі народ Беларусі, яго воля вызначыць, як нам жыць далей".
Пасля гэтага ў верасні Сняжыцкага звольнілі з пасады рэктара Гродзенскага медуніверсітэта. Замест яго ВНУ ўзначаліла Алена Краткова, якая раней кіравала Галоўным ўпраўленнем аховы здароўя Гродзенскага аблвыканкама.
Цяпер Сняжыцкі працуе на кафедры ў Гродзенскім медуніверсітэце.
Каб сачыць за галоўнымі навінамі, падпішыцеся на канал Еўрарадыё ў Telegram.
Мы штодня публікуем відэа пра жыццё ў Беларусі на Youtube-канале. Падпісацца можна тут.