Эксперт: Беларусь не зрабіла рэформ, каб увайсці ў Балонскі працэс
Наша краіна накіравала чарговую заяўку на ўступленне. Яе разгледзяць ў траўні 2015 года.
Міністэрства адукацыі накіравала яшчэ адну заяўку на ўступленне ў Балонскі працэс. Яе разгледзяць ў траўні наступнага года. Мінулы раз Беларусь не прынялі з-за недахопу акадэмічных свабод і адсутнасці ўдзелу студэнтаў у кіраванні ўніверсітэтам.
Нагадаем, Балонскі працэс — гэта стварэнне адзінай еўрапейскай прасторы вышэйшай адукацыі. Як распавёў Еўрарадыё сябра грамадскага Балонскага камітэта Уладзімір Дунаеў, ні свабод, ні самакіравання ў Беларусі больш не стала.
Уладзімір Дунаеў: “Беларусь не выканала рэкамендацый па самых крытычных пунктах. Гэта — акадэмічная свабода, універсітэцкая аўтаномія, удзел студэнтаў у кіраванні ўніверсітэтам. Тут хутчэй рэгрэс назіраецца. Што тычыцца структурных рэформ, прагрэс ёсць. Але гэта больш абяцанне прагрэсу”.
Пры гэтым эксперт адзначае, што гэтым разам Беларусь усё ж могуць прыняць у Балонскі працэс. Шмат залежыць ад таго, ці прадэманструе Беларусь жаданне еўрапейскіх трансфармацый, дадае Уладзімір Дунаеў.
Апошнюю заяўку на ўступленне Беларусі ў Балонскі працэс міністры адукацыі Еўрапейскай прасторы вышэйшай адукацыі разглядалі ў 2012 годзе. Тады пытанне было знята з парадку дня, бо Беларусь не выконвала прынцыпы Балонскага працэсу.
Фота — Fotolia