"Крэмль можа адклікаць свайго пасла ў Беларусі для кансультацый"
У жывым эфіры Еўрарадыё кіраўнік Цэнтра стратэгічных і знешнепалітычных даследаванняў Арсеній Сівіцкі выказаў сваё меркаванне з нагоды самай гарачай навіны дня — выказвання беларускім МЗС пратэсту на адрас расійскай амбасады з нагоды растыражаваных у СМІ заяваў дырэктара Федэральнай дзяржаўнай навуковай бюджэтнай установы "Расійскі інстытут стратэгічных даследаванняў" Леаніда Рашэтнікава на адрас Беларусі. Прапануем вам запіс размовы з Сівіцкім, а таксама некаторыя цытаты з яе:
"Апошні раз беларускі МЗС выклікаў кагосьці для перадачы ноты пратэсту ў 2010 годзе, пасля "плюшавага дэсанту".
"Гэта ўсё сведчыць аб каласальнай напружанасці ў беларуска-расійскіх адносінах".
"Расія пачала ціснуць не толькі эканамічна, але яшчэ і ў ваенна-палітычным плане".
"Гэта афіцыйны пратэст, афіцыйная рэакцыя беларускага боку супраць пазіцыі ўстановы Рашэтнікава. Якая, у сваю чаргу, знаходзіцца пад кіраўніцтвам Адміністрацыі прэзідэнта РФ".
"Ідэалагічныя ўстаноўкі Рашэтнікава — гэта сёння мэйнстрым не толькі сярод расійскіх сілавікоў, але і сярод лібералаў".
"Чаму ў МЗС выклікалі не пасла, а намесніка? Звычайна ноты пратэсту агучваюцца кіраўніку місіі. Мабыць, спадар Сурыкаў вырашыў "захварэць".
"Мяркую, сённяшні крок МЗС быў сумеснай ініцыятывай кіраўніка краіны і МЗС. Відавочна, што Міністэрства праінфармавала Лукашэнку аб інцыдэнце, і пасля гэтага было вырашана выступіць з нотай пратэсту".
"Чым усё гэта скончыцца? Не думаю, што мы вышлем расійскага амбасадара. Хутчэй самі расіяне адклікаюць яго для кансультацый".