Эксперт: У ЗША нават дзеці абараняюць правы жанчын

Эксперт: У ЗША нават дзеці абараняюць правы жанчын

У суботу пасля інаўгурацыі Дональда Трампа жанчыны Амерыкі выйшлі на вуліцы, каб нагадаць новаабранаму прэзідэнту пра свае правы. У знак салідарнасці з амерыканкамі шматтысячныя акцыі пратэсту прайшлі па ўсім свеце. А вось жанчыны постсавецкай прасторы да хвалі пратэстаў не далучыліся. Чаму? Высвятляем разам з гісторыкам Таццянай Процька, якая ўжо шмат гадоў жыве ў ЗША.

Еўрарадыё: У мяне да вас пытанне як да жанчыны і як да праваабаронцы. Як вы ацэніце гэтыя пратэсты амерыканак?

Таццяна Процька: Ёсць розныя ўзроўні ўспрыняцця пратэстаў. У іх удзельнічалі ўсе мае ўнучкі: адной 20 гадоў, другой 16, а малодшую, якой 12, спачатку не ўзялі, дык яна такі скандал учыніла, што прыйшлося таксама весці на пратэст.  Гэта ўзровень адукаваных амерыканскіх жанчын. Ёсць узровень ацэнкі гэтых падзей палітычны, не толькі амерыканскі, але і ўсяго свету.  

Эксперт: У ЗША нават дзеці абараняюць правы жанчын
Фота: facebook.com

Еўрарадыё: Ці гэты прынагодны пратэст перарасце ў нейкі працяглыя пратэсты?

Таццяна Процька: Канешне, не. У гісторыі Амерыкі такія пратэсныя акцыі мелі месца яшчэ ў 1913 годзе. Я спыталася ў сваіх унучак: “вось вы хадзілі на пратэсты, чаго вы хацелі дамагчыся?” Адказ быў просты: “мы не хацелі чагосьці дамагчыся, наша задача была паказаць уладзе, чаго нельга рабіць”. Таму правы жанчын – гэта вялікая частка палітычнага стану сённяшняй Амерыкі, і гуляць у такія гульні нельга. Людзі гэтага не прымаюць. 

Еўрарадыё: Пратэсты феміністак адбыліся ў шмат якіх  гарадах свету. Як вы лічыце, чаму маўчаць постсавецкія жанчыны, чаму яны не праявілі салідарнасць?

Таццяна Процька: Справа ў тым, што калі ўзнікаюць такія масавыя дэманстрацыі, яны арганізаваныя. Відаць, тыя людзі, якія стаяць за арганізацыяй у Еўропе, не маюць кантактаў з тымі, хто можа дапамагчы ім арганізаваць такія акцыі ў нашым рэгіёне. Бо гэта не стыхійныя выхады, шмат людзей падтрымалі гэта, але гэта іншае.

Еўрарадыё: Пасля пратэстаў можна паглядзець беларускі сегмент інтэрнэту, неяк не шмат фідбэку з боку беларускіх жанчын. Нават сярод феміністак. Ці гэта азначае, што пытанне правоў жанчын беларускам не цікавае?

Таццяна Процька: Нашыя жанчыны і амерыканскія жанчыны адрозніваюцца па ўсіх параметрах. Беларускі заклапочаныя тым, каб знайсці грошы на адукацыю дзяцей, каб іх накарміць, апрануць і гэтак далей. Амерыканка, якая працуе, такіх праблем не мае, яна нават не гатуе.  Нашая жанчына несвабодная, а тыя жанчыны свабодныя. А свабода мае шэраг наступстваў, і адно з іх – гэта павага да сябе. І амерыканская жанчына перш за ўсё патрабуе павагі да сябе. Яна патрабуе роўных правоў. А нашая жанчына калі-небудзь патрабавала павагі да сябе? На такім высокім узроўні, як старшыня ЦКВ, Лідзія Ярмошына магла сказаць публічна, што жанчынам нельга ўдзельнічаць у палітыцы, а трэба гатаваць боршч. Калі б чыноўнік такое сказаў у Амерыцы, то ён на вуліцу не выйшаў бы, яго знішчылі б і ў палітычным, і ў простым сэнсе. А ў нас усе пасмяяліся, і грамадства гэта праглынула.  

Еўрарадыё: Падчас перадвыбарнай кампаніі Дональд Трамп сваімі выказваннямі паспеў пакрыўдзіць розныя слаі насельніцтва. Аднак пратэсты пачалі менавіта арганізацыі, якія змагаюцца за правы жанчын. Чаму іх больш за ўсё зачапілі неадназначныя выказванні новага амерыканскага прэзідэнта?

Таццяна Процька: Жанчыны ва ўсім свеце, асабліва ў Еўропе, дастаткова арганізаваная сіла. Напрыклад, апошнім часам з’яўляецца ўсё больш новых сацыял-дэмакратычных партый. А менавіта гэтыя арганізацыі сур’ёзна змагаюцца за правы жанчын. Яны маюць стабільнае фінансаванне і моцную структуру. А паколькі жанчыны на Захадзе маюць гонар і годнасць, а таксама досыць вольнага часу, яны актыўна праяўляюць сябе ў гэтым руху і адстойваюць свае правы арганізавана.

Еўрарадыё: Мітынгі, якія ахапілі ЗША, у СМІ дэманструюцца як пратэст жанчын, хаця на вуліцы выходзіць нямала прадстаўнікоў мужчынскага полу, але на гэты аспект амаль не звяртаецца ўвагі. Выглядае на тое, што феміністкі змагаюцца за свае правы, а іншыя, напрыклад, патрабаванні палітычных правоў мітынгоўцаў адыходзяць на другі план. Чаму так адбываецца?

Таццяна Процька: А ніхто і не кажа пра палітычныя правы. Гэтыя пытанні на мітынгах у ЗША амаль не гучаць. Варта адзначыць, што пратэст быў не супраць – пратэст быў за! А гэта, дарэчы, вельмі не характэрна для нашага грамадства. Калі беларусы выходзяць на дэманстрацыі, то яны заўсёды супраць чагосьці.

А вось жыхары ЗША выйшлі на вуліцы, каб нагадаць уладзе, што яны маюць правы, якімі яны не будуць грэбаваць. І значная частка амерыканцаў будзе стаяць за гэтыя правы, правы жанчын.

Слухаць цалкам: 

Апошнія навіны

Галоўнае

Выбар рэдакцыі