Трэба неадкладна спыніць працэс экстрадыцыі Андрэя Гнёта — Amnesty International

Андрэй Гнёт

Андрэй Гнёт / фота з яго старонкі ў Інстаграме

Уладам Сербіі трэба неадкладна спыніць працэс экстрадыцыі Андрэя Гнёта. Пра гэта гаворыцца ў заяве Мары Стразерс, дырэктара Amnesty International па Усходняй Еўропе і Цэнтральнай Азіі.

Яна падкрэсліла, што абвінавачванні супраць беларуса палітычна матываваныя. "Ніводзін чалавек, які займаецца крытыкай беларускіх уладаў, ні пры якіх абставінах не павінен быць перададзены адміністрацыі Аляксандра Лукашэнкі, — гаворыцца ў заяве. — Катаванні, прыніжэнні, запалохванні, несправядлівыя судовыя працэсы і працяглыя турэмныя тэрміны — гэта агульнавядомыя метады, якія выкарыстоўваюцца беларускімі ўладамі для помсты сваім апанентам".

Мары Стразерс перакананая, што Сербія павінна прадаставіць абарону Гнёту: "Мы заклікаем сербскі ўрад забяспечыць яго бяспеку і свабоду".

Андрэй Гнёт — рэжысёр і журналіст. Яго затрымалі ў Сербіі 30 кастрычніка 2023 года. Выявілася, што Беларусь абвясціла яго ў міжнародны вышук праз Інтэрпал. Сем месяцаў Гнёт правёў у сербскай турме, пасля чаго выйшаў пад хатні арышт. Вышэйшы суд Бялграда вырашыў экстрадыраваць яго ў Беларусь: нібыта палітычны пераслед Гнёту не пагражае.

Андрэй Гнёт абскардзіў рашэнне сербскага суда па яго экстрадыцыі ў Беларусь. У яго абарону выступілі беларускія дэмакратычныя сілы, праваабарончыя арганізацыі.

Каб сачыць за галоўнымі навінамі, падпішыцеся на канал Еўрарадыё ў Telegram.

Мы штодня публікуем відэа пра жыццё ў Беларусі на Youtube-канале. Падпісацца можна тут.

Апошнія навіны

Галоўнае

Выбар рэдакцыі