Эксперты Мінэканомікі заяўляюць пра неабходнасць дэвальвацыі рубля
Такое меркаванне выказалі спецыялісты Навукова-даследчага эканамічнага інстытута Міністэрства эканомікі.
Эксперты канстатуюць, што эканамічны рост у нашай краіне забяспечваецца за кошт унутранага попыту. "Ва ўмовах пашырэння ўнутранага попыту пры сцісканні знешняга і замаруджванні дынамікі ў асноўных галінах рэальнага сектару ў эканоміцы Беларусі ў цяперашні час фармуецца шэраг тэндэнцый, якія парушаюць макраэканамічную сбалансаванасць", — цытуе публікацыю ў апошнім нумары "Эканамічнага бюлетэня" БелаПАН.
Эканамісты адзначаюць, што "дэфіцыт знешняга гандлю таварамі, які расце ад месяца да месяца" пагаршае сітуацыю ў плацёжным балансе. "Адставанне тэмпаў дэвальвацыі нацыянальнай валюты ад тэмпаў інфляцыі і ўмацаванне беларускага рубля адмоўна адбіваецца на цэнавай канкурэнтаздольнасці беларускай прадукцыі", — робяць выснову эксперты.
У якасці адной з негатыўных тэндэнцый эксперты называюць рост заробкаў, які "істотна апярэджвае дынаміку прадукцыйнасці працы". У выніку, рост заробкаў забяспечваецца за кошт зніжэння прыбытковасці айчынных прадпрыемстваў.
Спецыялісты Навукова-даследчага эканамічнага інстытута Міністэрства эканомікі лічаць неабходным "правядзенне ў кароткатэрміновым перыядзе плаўнай дэвальвацыі нацыянальнай валюты на велічыню дэвальвацыі курса расійскага рубля да долара ЗША з пачатку года для павышэння канкурэнтаздольнасці беларускай прадукцыі на знешніх рынках і абароны ўнутранага рынку".