Электронныя падручнікі: Па матэматыцы няма, замежная мова адна — іспанская
За карыстанне папяровымі падручнікамі бацькі дзесяцікласніка заплацяць амаль 84 тысячы, а набыць камплект самому нельга: “вы яго нідзе не знойдзеце".
“У падручніка пяцігадовы тэрмін фандавання. За выкарыстанне падручніка бацькі плацяць пэўную суму. Гэтая сума вылічваецца кожны год”, — тлумачаць Еўрарадыё у Інстытуце адукацыі.
І дадаюць, што калі камплект набываць самім, гэта будуць “зусім іншыя грошы”. Усё ж спрабуем не плаціць 83700 за карыстанне камплектам за 10 клас і набыць самі. У краме ад Інстытута адукацыі для дзесяцікласнікаў толькі алгебра і геаметрыя для школ з рускім навучаннем.
“Увесь камплект у вас не атрымаецца знайсці. Алгебра каштуе 16850 рублёў”, — адказваюць у краме.
Агулам за дзясяты клас патрэбныя 34 падручнікі. Цяжкавата насіць. Але можна запампаваць электронныя. На сайце Інстытута адукацыі для 10 класа знаходзім электронную “Беларускую мову”, “Інфарматыку”, “Геаграфію” і “Дапрызыўную падрыхтоўку”, "Асновы медыцынскіх ведаў" — усё. Па матэматыцы і біялогіі электронных падручнікаў тут няма наогул, а з замежнай мовы — толькі іспанская.
“Яны будуць дапаўняцца. Дзіця можа карыстацца электроннымі падручнікамі, забарон ніякіх няма. Але не заўсёды настаўнік можа выкарыстоўваць у сваёй працы планшэт. Ёсць заданні, калі выкарыстоўваецца толькі папяровы носьбіт”, — расказваюць у Інстытуце адукацыі.
Летась у адкрытым доступе былі 4 падручнікі за 11 клас. У гэтым годзе ёсць падручнікі па 8 прадметах, пабольшала на 4. За шосты клас, як і летась, толькі фізіка, іспанская мова і працоўнае навучанне.
У 179 мінскай школе электроннымі падручнікамі карыстаюцца, але тады, калі не хапае папяровых.
“Мы папмуем з сайта падручнікі, захоўваем у бібліятэцы, і бацькі ці дзеці могуць карыстацца, калі, напрыклад, не хапае падручнікаў. Калі вучню зручна, ён можа электроннымі карыстацца, але гэта, хутчэй, калі ёсць супрацьпаказанні. Тады можна камплект у школе пакінуць. А дома электроннымі карыстацца”, — тлумачаць у школе.
Самы дарагі камплект падручнікаў сёлета за 10 клас — амаль 84 тысячы, для выпускнікоў — 83 500, за 5 клас давядзецца аддаць 72 тысячы, а самы танны камплект для другакласнікаў — 28 тысяч рублёў.
Фота: ra-naufor.ru