ЕС будзе размаўляць з Ціханоўскай, таму што Лукашэнка “непрадказальны чалавек”

ЕС будзе размаўляць з Ціханоўскай, таму што Лукашэнка “непрадказальны чалавек”

Натоўп мігрантаў ледзь не прарваў калючую агароджу на беларуска-польскай мяжы 8 лістапада. Эскалацыя канфлікту дасягнула таго пункта, калі людзі “неславянскай знешнасці” пачалі адкрыта пераразаць калючы дрот, ламаць яго свежассечаным бярвеннем і кідаць у польскіх памежнікаў рознымі прадметамі. Польскія жаўнеры ў адказ пачалі заліваць мігрантаў слезацечным газам.

Ці плануюць дамаўляцца з беларускім рэжымам Еўрасаюз і Германія, у якую, не хаваючы намераў, спрабуюць трапіць мігранты?

— Гэта ўсё больш і больш абмяркоўваецца, — расказвае ў эфіры Еўрарадыё Аляксандр Фрыдман, беларускі гісторык, які жыве ў Германіі. — Праблема гэтай сітуацыі ў тым, што калі б нават нехта пажадаў гаварыць з беларускім бокам, то там няма людзей, да якіх еўрапецы маюць нейкі давер. Яны дакладна разумеюць, што гаварыць з Лукашэнкам ніякага сэнсу няма. Ён непрадказальны чалавек, які гатовы абсалютна на ўсё. Дамаўляцца пра нешта з ім — проста марнаваць час. Таму ўсе разважанні аб тым, як вырашыць гэты канфлікт, ідуць, так бы мовіць, без Лукашэнкі. Маўляў, трэба размаўляць з краінамі Блізкага Усходу, з якіх прыходзяць гэтыя людзі.

— Таксама існуе меркаванне, што, можа, трэба гаварыць з Расіяй, — працягвае гісторык. — Шмат хто лічыць, што беларускі рэжым цалкам знаходзіцца пад уплывам Масквы і выконвае загады, якія адтуль прыходзяць. Значыць, трэба нейкім чынам імкнуцца размаўляць з Масквой.

У Германіі папулярная яшчэ такая ідэя: дамовіцца з празаходнімі еўрапейскімі краінамі, якія ў перспектыве жадаюць уступіць у Еўрасаюз. Накіраваць мігранцкія патокі з польска-беларускай мяжы, напрыклад, на Украіну. Калі яна прыме мігрантаў і мігранты зразумеюць, што ў Нямеччыну яны не патрапяць, што яны апынуцца ва Украіне, куды яны ўвогуле не жадаюць патрапіць, то, можа, тады гэты наплыў спыніцца. Гэта абсалютная ілюзія і досыць амаральны падыход, калі ў Берліне кажуць “мы нікога прымаць не жадаем”, а ўкраінцы “ну няхай прымуць”.

Нават калі ўкраінскае кіраўніцтва на гэта пагодзіцца, то ў гэтым выпадку справа дойдзе да дэстабілізацыі Украіны. Мы ж разумеем, як будзе рэагаваць насельніцтва, калі прыедуць мігранты з Ірака, Сірыі і іншых краін. Рэакцыя будзе вельмі негатыўная.

Вонкава Польшчу крытыкуюць, і нават жорстка крытыкуюць. Кажуць, што тое, што робіць Польшча, — амаральна, гэта парушэнне правоў чалавека, гэта непрымальна. Але самі сабе спадзяюцца пра тое, што гэты крызіс вырашыць Польшча. Такое меркаванне прысутнічае, і пра гэта шмат пішуць апошнім часам у прэсе.

ЕС будзе размаўляць з Ціханоўскай, таму што Лукашэнка “непрадказальны чалавек”
Мігранты на Нямізе ў Мінску, 2021 год / Еўрарадыё

На думку Аляксандра Фрыдмана, перамовы Еўрасаюза з Лукашэнкам — гэта, на цяперашні момант, немагчымая рэч. Больш за тое, гэта іміджавая страта для краіны-перамоўшчыцы, якая пойдзе на дыялог з беларускім рэжымам. А з кім ЕС гатовы размаўляць — ці не са Святланай Ціханоўскай, якая неўзабаве прыедзе ў Германію?

— Дакладна вядома, што будзе сустрэча [Святланы Ціханоўскай. — Еўрарадыё] з федэральным прэзідэнтам Штайнмаерам. Калі не памыляюся, то Франак Вячорка таксама пісаў, што будуць сустрэчы з будучымі міністрамі і, магчыма, з будучым кіраўніцтвам нямецкага ўрада. І гэта вельмі важнае пытанне: калі будучае кіраўніцтва нямецкага ўрада адкладзе ўсе справы і будзе сустракацца з Ціханоўскай, то гэта яшчэ раз падкрэсліць тое значэнне, якое нямецкі ўрад надае беларускаму пытанню. Акрамя таго, па-ранейшаму ідуць перамовы і выпрацоўка новых санкцыйных пакетаў. У гэтых умовах у Берліне жадаюць пагутарыць з Ціханоўскай. Яе ўспрымаюць сур’ёзна, з ёй жадаюць мець справу.

Падзеі на мяжы разгортваюцца вельмі хутка, і магчыма, што пяты пакет санкцый ад ЕС сапраўды ужо не за гарамі. Чаго ад яго чакаць?

— Калі Лукашэнка і далей будзе паводзіць сябе так, санкцыі будуць узмацняцца. Тут пытанне ўспрымання санкцыяў. Тыя, хто падтрымлівае санкцыі, лічаць, што Еўрасаюз робіць зусім мала, што Еўрасаюз мог бы зрабіць куды больш. З пункту гледжання ЕС, гэта трошкі інакш: там лічаць, што тыя санкцыі, якія былі уведзеныя, сапраўды вельмі жорсткія, — дадае Аляксандр Фрыдман.

Каб сачыць за галоўнымі навінамі, падпішыцеся на канал Еўрарадыё ў Telegram.

Мы штодня публікуем відэа пра жыццё ў Беларусі на Youtube-канале. Падпісацца можна тут.

Апошнія навіны

Галоўнае

Выбар рэдакцыі