ЕС узгадніў беларускі "чорны спіс", але без Лукашэнкі
Еўрасаюз узгадніў беларускі "чорны спіс". Пад санкцыі патрапяць каля 40 афіцыйных асоб Беларусі, адказных "за фальсіфікацыю выбараў і парушэнне правоў чалавека". У спісе няма Аляксандра Лукашэнкі. Па словах прэзідэнта Францыі Эмануэля Макрона, ЕС не ўнёс яго туды, каб не падарваць "патрабаванне Бруселя да яго пачаць дыялог з апазіцыяй пры пасярэдніцтве АБСЕ і вызваліць палітзняволеных". Інакш, заявіў Макрон, Лукашэнка меў бы "законныя падставы адмовіцца ад выканання гэтых умоў".
Узгадненне санкцый супраць афіцыйнага Мінска адбылося на саміце ЕС. Старшыня Еўракамісіі Урсула фон дэр Ляен паабяцала, што "тыя, хто адказны за падаўленне дэманстрацый і апазіцыі [ў Беларусі], не застануцца беспакаранымі". "Мы настойваем, што народ Беларусі мае права вызначаць сваю будучыню", — дадаў кіраўнік Еўрасавета Шарль Мішэль.
У рэзалюцыі саміта асуджаецца "непрымальны гвалт з боку беларускіх уладаў супраць мірных дэманстрантаў, а таксама запалохванне, адвольныя арышты і затрыманні". Падкрэсліваецца, што Еўрасавет не прызнае вынікі прэзідэнцкіх выбараў. Ён заклікае Еўракамісію "падрыхтаваць комплексны план эканамічнай падтрымкі дэмакратычнай Беларусі".
Каб сачыць за галоўнымі навінамі, падпішыцеся на канал Еўрарадыё ў Telegram.
Мы штодня публікуем відэа пра жыццё ў Беларусі на Youtube-канале. Падпісацца можна тут.