Еўрачыноўніца: уплыў COVID-19 на Беларусь будзе параўнальна вялікі

Катарына Матэрнава / nv.ua
Катарына Матэрнава / nv.ua

Уплыў каранавіруснай інфекцыі на Беларусь, прадказальна, будзе параўнальна вялікі. Пра гэта заявіла Катарына Матэрнава, намесніца гендырэктара дэпартамента Еўрапейскай Камісіі па еўрапейскай палітыцы суседства і перамовах аб пашырэнні. Брыфінг з яе ўдзелам для журналістаў з краін "Усходняга партнёрства", прысвечаны падтрымцы, якую падчас пандэміі аказвае Еўрасаюз, прайшоў 29 красавіка.

"У кожнай з шасці краін "Усходняга партнёрства" свая сітуацыя з каранавіруснай інфекцыяй. Напрыклад, Грузія адрэагавала вельмі хутка, увяла абмежаванні, таму сітуацыя там параўнальна нядрэнная. А ў Беларусі, як вядома, абмежавальныя меры не былі прынятыя. Колькасць пацверджаных выпадкаў экспаненцыяльна ўзрастае. Прадказальна, што ўплыў COVID-19 на Беларусь будзе даволі вялікі", — сказала Матэрнава.

Нягледзячы на скептычную ацэнку дзеянняў беларускіх уладаў, Еўрасаюз працягвае аказваць ім падтрымку разам з падтрымкай для прадстаўнікоў грамадзянскай супольнасці. Фінансавая дапамога для барацьбы з наступствамі каранавіруса можа дасягнуць 60 млн еўра.

Распаўсюджванне хваробы ў Беларусі сапраўды паскараецца. За мінулыя суткі зарэгістравана 973 новыя выпадкі заражэння каранавірусам, гэта рэкорд. Агульная колькасць станоўчых выпадкаў COVID-19 па стане на раніцу 29 красавіка склала 13 181, паведамляе прэс-служба Мінздароўя.

Каб сачыць за галоўнымі навінамі, падпішыцеся на канал Еўрарадыё ў Telegram.

Мы штодня публікуем відэа пра жыццё ў Беларусі на Youtube-канале. Падпісацца можна тут.

Апошнія навіны

Галоўнае

Выбар рэдакцыі