Еўрадэпутат Мігальскі: Дэмакратызацыя Беларусі - вельмі асабістае для мяне

Сачыць за працай польскага ўраду падчас страшынства ў ЕС Марка Мігальскага скіравала яго партыя “Polska Jest  Najwazniejsza” (Польшча Найважнейшая). Па словах Мігальскага, апазіцыя не толькі можа, але і павінна сачыць за тым, як урад рэалізоўвае прыярытэтныя праграмы ў перыяд старшынства ў ЕС.

Мігальскі: ”Нашая партыя вырашыла пачаць кантроль за дзейнасцю Ўрада і за выкананнем яго абавязкаў.  Штомесяц мы будзем інфармаваць пра гэта грамадскасць. Калі гэтая дзейнасць будзе паспяховай, мы абавязкова пра гэта будзем казаць, калі ў некаторых пытаннях будзем назіраць рэгрэс, гэта таксама не застанецца па-за нашай увагай. Першы даклад мы рыхтуем на 6 жніўня”.

Еўрарадыё: Ці ёсць сярод дзяржаўных прыярытэтаў Польшчы месца Беларусі?

Мігальскі: “Сярод тых прыярытэтаў, якія акрэсліў польскі ўрад, ёсць месца праграме “Ўсходняе партнёрства”. Адмыслоўцы нашай партыі, у сваю чаргу, распрацавалі дакумент, які называецца “Канкрэтнае старшынства”. Адной з галоўных тэмаў тут з’яўляюцца дзяржавы, якія знаходзяцца за нашай усходняй мяжой, сярод якіх і Беларусь. Мы намагаемся, каб гэтыя дзяржавы мелі канкрэтныя перспектывы сяброўства ў ЕС. Беларусы і украінцы маюць такое ж права быць у Еўропе, бо яны нічым не горшыя за палякаў, немцаў ці французаў. Яны таксама павінны ўдзельнічаць у працэсе інтэграцыі Еўрапейскіх дзяржаваў.”

Еўрарадыё:  Вы ўзялі пад асабістую апеку палітвязня Змітра Бандарэнку. Што робіце  для яго вызвалення?

Мігальскі: “Так, можна сказаць, што я ўзяў шэфства над палітвязнем Бандарэнкам. Маёй асноўнай задачай з’яўляецца пастаяннае інфармаванне еўрапейскага грамадства па справе Змітра. Мы таксама даносім інфармацыю і да беларускіх уладаў, што лёс гэтага чалавека нам неабыякавы, што мы вельмі клапоцімся пра тыя ўмовы, у якіх ён адбывае пакаранне. Канечне, будзем дамагацца ягонага вызвалення. Мы стварылі інтэрнэт-старонку, прысвечаную Бандарэнку, рассылаем лісты, у якіх інфармуем пра лёс палітвязня. Лічу, што важна, каб мы казалі пра палітзняволеных не ўвогуле, а дбалі пра лёс кожнага.”

Еўрарадыё: Як вы асабіста ўспрымаеце сітуацыю ў Беларусі?

Мігальскі: “Для мяне пазбаўленне Беларусі ад дыктатуры – пытанне асабістае. Еўропе павінна быць сорамна за тое, што на нашым кантыненце яшчэ існуе такая форма кіравання, як дыктатура, што ў самым сэрцы Еўропы парушаюцца правы чалавека. Нам застаецца толькі вырашаць, што рабіць, каб гэтага сораму пазбыцца”.

Апошнія навіны

Галоўнае

Выбар рэдакцыі