Еўрадэпутат: "Прэмія Сахарава — мінімум, чаго заслугоўвае Бандарэнка"
Польскі еўрадэпутат Марэк Мігальскі вылучыў палітвязня Змітра Бандарэнку на прэмію Еўрапарламента імя Андрэя Сахарава "За свабоду думкі".
Зміцер Бандарэнка — палітвязень, удзельнік падзеяў 19 снежня, каардынатар "Еўрапейскай Беларусі", сябра перадвыбарчага штабу Андрэя Саннікава. 27 красавіка яго асудзілі на 2 гады калоніі агульнага рэжыму. Ён мае сур’ёзныя праблемы са здароўем, якія суправаджаюцца вострым болем. У Бандарэнкі дыягнаставалі некалькі грыж дыскаў і ўшчамленне спіннамазгавых нерваў. Зміцер перанёс аперацыю, пасля якой трапіў у Магілёўскую калонію, хаця яшчэ не можа сядзець.
Еўрадэпутат Марэк Мігальскі распавёў Еўрарадыё пра сваю ініцыятыву:
Мігальскі: Доўгі час з’яўляюся як бы “хросным бацькам” спадара Бандарэнкі, г.зн. узяў удзел у ініцыятыве арганізацыі “Libereco”, якая палягае на тым, што паасобныя еўрапейскія палітыкі бяруць патранат над палітычнымі вязнямі. І я ўжо арганізаваў шмат мерапрыемстваў у гэтай справе. А цяпер у нас узнікла ідэя, каб паспрабаваць Змітра ўзнагародзіць прэміяй Сахарава. Цяпер я якраз збіраю подпісы 40 еўрапарламентарыяў пад гэтай ініцыятывай, бо менавіта такая ўступная ўмова. А як збяру, то справа будзе ўжо за палітычным рашэннем, каго з намінаваных ушанаваць прэміяй. Глыбока веру, што ўсё ўдасца, што я спачатку збяру гэтыя сорак подпісаў за наступны тыдзень, а потым з вашай дапамогай – вельмі вас прашу зрабіць націск на еўрапарламентарыяў – удасца давесці і да ўзнагароджання спадара Бандарэнкі прэміяй імя Сахарава.
Еўрарадыё: Чаму вы выбралі Змітра Бандарэнку? Што Вам пра яго вядома?
Мігальскі: Я ведаю пра яго досыць шмат. Я сустракаўся з яго жонкаю і дачкой, запрасіў іх у Еўрапарламент, яны мелі нагоду на паседжанні расказаць не толькі пра тое, у якіх умовах утрымліваецца спадар Бандарэнка, але і пра тое, якая сітуацыя цяпер у Беларусі. Мы заснавалі старонку bandarenka.pl, на якой збіраем інфармацыю і выражэнне падтрымкі. Таксама я стараўся паўплываць на сітуацыю ў самой Беларусі, напрыклад, звяртаўся да ўладаў турмы, каб паправіць умовы ўтрымання спадара Бандарэнкі. Так што гэта такая цэласная спроба апекавацца гэтым мужным чалавекам. Яго пазіцыя, яго адвага вымагае ад нас салідарнасці. І ўручэнне яму гэтай узнагароды – той мінімум, які мы як еўрапейская супольнасць павінны яму гарантаваць.
Беларусы ўжо двойчы атрымлівалі гэтую прэстыжную ўзнагароду. У 2004-м прэмію атрымала БАЖ, а ў 2006-м — кандыдат у прэзідэнты, кіраўнік руху "За свабоду" Аляксандар Мілінкевіч.
Прэмія імя Андрэя Сахарава “За свабоду думкі” заснаваная Еўрапарламентам у гонар фізіка, дысідэнта і палітвязня Андрэя Сахарава ў 1985 годзе. Яна ўшаноўвае людзей, якія абараняюць правы і свабоды, уручаецца штогод 10 снежня, ва ўгодкі Ўсеагульнай Дэкларацыі правоў чалавека ААН.