Еўрапарламент прагаласаваў за падзел Google

Еўрапейскі парламент 27 лістапада прагаласаваў за аддзяленне пошуку Google ад іншых сэрвісаў кампаніі. Такім чынам дэпутаты адрэагавалі на скаргі, што пры запытах пошук больш ахвотна выдае звесткі пра ўласныя паслугі Google, перадае ВВС.

Еўрапарламент не мае паўнамоцтваў падзяляць кампаніі, таму галасаванне было збольшага сімвалічным. Тым не менш яго вынікі з'яўляюцца выразным знакам для еўрапейскіх рэгулятараў, што наспеў час прыняць меры. Улады ЗША пярэчаць супраць дзеянняў, якія могуць нанесці шкоду амерыканскай кампаніі.

Дарэчы, у рэзалюцыі Еўрапарламента, прынятай большасцю ў 384 галасы супраць 174, Google наўпрост не згадваецца. Гаворка ідзе пра "аддзяленне пашукавікоў ад іншых камерцыйных сэрвісаў", адзначае Bloomberg.

Рашэнне па Google павінна будзе прыняць еўракамісар па антыманапольнай палітыцы Маргрэтэ Вестагер. У яе ўжо знаходзіцца справа, распачатая па скарзе канкурэнтаў амерыканскага пашукавіка ў 2010 годзе. У шэрагу еўрапейскіх краін Google кантралюе больш за 90% рынка інтэрнэт-пошуку.
 
Фота — rxpblog.com

Апошнія навіны

Галоўнае

Выбар рэдакцыі