Еўрапарламент заклікаў прыпыніць права голасу Венгрыі ў ЕС — #ІхНоравы
Кароткі агляд міжнародных навін
Еўракамісія збіраецца пакараць Орбана за яго пазіцыю па вайне ва Украіне. Пра гэта і не толькі — у нашым міжнародным аглядзе сусветных навін.
Еўрапейскія тураператары вызначыліся, куды яны будуць завабліваць турыстаў сёлета
Еўрапейская асацыяцыя турагентаў і тураператараў (ECTAA) і Міністэрства турызму Балгарыі дамовіліся аб сумеснай кампаніі па прасоўванні гэтай краіны як выключнага турыстычнага напрамку ў 2024 годзе. Як паведамілі ў прэс-службе асацыяцыі, дзякуючы прывабнаму спалучэнню культурнай спадчыны, гістарычнага багацця, бесперабойных транспартных зносін і надзвычайна прыгожых прыродных ландшафтаў Балгарыя здольная падарыць незабыўныя ўражанні кожнаму вандроўніку.
Паводле дамовы, прыкладна 80 тысяч еўрапейскіх прафесіяналаў у сферы турызму атрымаюць прапановы, якія заахвочваюць іх разглядаць Балгарыю як лепшы выбар для іх кліентаў.
Таксама асацыяцыя будзе дапамагаць краіне з рэкламнай кампаніяй у сацсетках, прасоўваючы Балгарыю як прывабны напрамак для тых, хто шукае аўтэнтычную, некранутую прыроду з акцэнтам на экалагічна бяспечнае падарожжа.
Еўрапарламент заклікаў прыпыніць права голасу Венгрыі ў ЕС
Еўрапейскі парламент ухваліў рэзалюцыю з заклікам пакараць прэм'ер-міністра Венгрыі Віктара Орбана за падрыў дэмакратыі ў ягонай краіне. Гэтае рашэнне набліжае Еўрасаюз яшчэ на адзін крок да прыпынення права Будапешта галасаваць за прыняцце рашэнняў у Еўрасаюзе.
Як паведамляе Reuters, 345 дэпутатаў Еўрапарламента прагаласавалі за адпаведную рэзалюцыю, 104 дэпутаты выступілі супраць. У прыватнасці, еўрадэпутаты асудзілі "наўмысныя, пастаянныя і сістэматычныя намаганні венгерскага ўрада па падрыве асноўных каштоўнасцей ЕС".
У рэзалюцыі таксама выказваецца крытыка ў адрас Орбана за накладанне вета на прадастаўленне большай фінансавай дапамогі Украіне ў той час, калі Кіеў змагаецца з поўнамаштабным расійскім уварваннем.
Акрамя таго, у рэзалюцыі выказаны заклік ажыццявіць яшчэ адзін крок у межах працэдуры забеспячэння законнасці і правапарадку, што у выніку можа прывесці да прыпынення права голасу Венгрыі ў Еўрасаюзе.
Таксама гаворыцца, што механізм пакарання, вызначаны ў артыкуле 7 агульных палажэнняў Дагавора аб Еўрасаюзе, з'яўляецца працяглым і складаным, а гэта робіць малаверагодным варыянт максімальнага пакарання ў агляднай будучыні.
Пры гэтым ухваленая рэзалюцыя ў Еўрапарламенце не з'яўляецца юрыдычна абавязковай, але яна ўзмацняе палітычны ціск на Орбана перад самітам лідараў ЕС, які адбудзецца 1 лютага ў Бруселі, і падчас якога адбудзецца яшчэ адна спроба ўзгадніць новую дапамогу для Украіны.
У снежні 2023 года прэм'ер-міністр Венгрыі Віктар Орбан на саміце Еўрасаюза ў Бруселі наклаў вета на дапамогу Украіне ў выглядзе 50 млрд еўра ад Еўрапейскага Саюза.
У той жа час, прэзідэнт Еўрапейскай Рады Шарль Мішэль паведаміў, што Еўрасаюз мае інструменты для гарантавання аказання дапамогі Украіне. Ён упэўнены, што Украіна будзе забяспечаная фінансаваннем, нягледзячы на венгерскае вета.
У Літве лічаць, што Расіі не хопіць рэсурсаў для правакацыі ўздоўж межаў краін Балтыі
Расіі не хопіць сіл для правядзення правакацый у Балтыйскім рэгіёне, бо Масква накіравала рэсурсы на вайну супраць Украіны. Пра гэта паведаміў міністр абароны Літвы Арвідас Анушаўскас.
"Калі размова ідзе пра падрыхтоўку Расіі ў нашым рэгіёне, усе заўважаюць, што Расія накіравала ўвесь патэнцыял сваіх сухапутных войскаў ва Украіну, перакінула іх на фронт", — сказаў ён.
Каб сачыць за галоўнымі навінамі, падпішыцеся на канал Еўрарадыё ў Telegram.
Мы штодня публікуем відэа пра жыццё ў Беларусі на Youtube-канале. Падпісацца можна тут.