Вялікабрытанія не хоча бачыць караля Карла III кожны дзень — #ІхНоравы

Пра што гаворыць свет сёння

Пра што гаворыць свет сёння / @rubanau_collage

Пакуль адныя захапляюцца тым, як Вялікабрытанія стагоддзямі зберагае традыцыі, астатнія задаюцца пытаннем: а колькі гэта каштуе? Выяўляецца, што вельмі шмат. Пра гэта, а таксама пра тое, чым цяпер заняты камітэт Кнігі рэкордаў Гінеса, — у нашым традыцыйным аглядзе міжнародных навін.

Кніга рэкордаў Гінеса правярае ўзрост самага старога сабакі

Некаторыя эксперты выказалі сумнеў, што прызнаны рэкардсменам мастыф Бобі з Партугаліі сапраўды пражыў 31 год. Сабака памёр у кастрычніку 2023 ва ўзросце 31 года і 165 дзён. У чалавечых гадах гэта было б эквівалентна 217!

Сваё меркаванне публічна выказаў Дэні Чэмберс, ветэрынар і чалец рады Каралеўскага каледжа ветэрынарных хірургаў, які аб'ядноўвае 18 000 лекараў для жывёлаў.

У інтэрв’ю брытанскай газеце The Guardian ён заявіў, што ні ён, ні яго калегі не вераць, што мастыф насамрэч жыў 31 год.

"Калі Кніга рэкордаў Гінеса хоча захаваць свой аўтарытэт, у тым ліку ў вачах прадстаўнікоў ветэрынарнай прафесіі, то яна павінная прадставіць нам неабвержныя доказы", — сказаў ён.

Вялікабрытанія не хоча бачыць караля Карла III кожны дзень — #ІхНоравы
Рэкорд Мастыфа Бобі пад сумневам / Guiness World Records

Цяпер камітэт Кнігі праводзіць расследаванне. Таму заяўкі на прызнанне новага рэкардсмена ўвогуле пакуль не прымаюцца. Журналісты таксама пачалі капаць. І пакуль што выявілі, што дата нараджэння сабакі — 1992 год — не пацвярджаецца ніякімі дакументамі, а вядомая толькі са словаў гаспадара.

У Вялікабрытаніі бурна абмяркоўваюць фатаграфію караля Карла III

Здымак зрабіў вядомы брытанскі фатограф, які ўжо неаднаразова рабіў афіцыйныя партрэты каралеўскай сям’і, Х’юга Бернанд. Кароль Карл выяўлены на ёй у вайсковым мундзіры. Гэты партрэт павінен вісець у грамадскіх будынках Вялікабрытаніі: у дзяржорганах, у школах, ва ўчастках паліцыі, у судах і гэтак далей.

Яшчэ летась Кабінет міністраў вылучыў на гэта грошы — 8 мільёнаў фунтаў, што эквівалентна прыкладна 9,3 млн еўра. Гэта сродкі на тое, каб кожная арганізацыя, якая жадае гэта зрабіць дзеля ўшанавання традыцыі, магла размясціць у сябе партрэт манарха.

Вялікабрытанія не хоча бачыць караля Карла III кожны дзень — #ІхНоравы
Той самы партрэт разладу / Hugo Burnand/Royal Household 2024/Cabinet Office

Антыманархісты назвалі гэта “ганебным марнаваннем грошай”. Яны не хочуць, каб Карл III кожны дзень і ўсюды нагадваў пра сябе. І заклікаюць скіраваць гэтыя мільёны “куды яны сапраўды патрэбныя” — напрыклад, у школы і бальніцы, якія адчуваюць фінансавыя цяжкасці.

Віцэ-прэм'ер-міністр Олівер Доўдэн стаў на абарону партрэта Карла III.

"Дэманстрацыя гэтага новага партрэта будзе служыць нам усім напамінам пра прыклад, які паказвае наш найвышэйшы дзяржаўны службовец", — пераконвае ён.

Каб сачыць за галоўнымі навінамі, падпішыцеся на канал Еўрарадыё ў Telegram.

Мы штодня публікуем відэа пра жыццё ў Беларусі на Youtube-канале. Падпісацца можна тут.

Апошнія навіны

Галоўнае

Выбар рэдакцыі