Еўрапейская лёгкаатлетычная асацыяцыя спачувае ў сувязі з гібеллю Юліі Балыкінай
Прэзідэнт Еўрапейскай лёгкаатлетычнай асацыяцыі Свен Арнэ Хансэн выказаў спачуванні ў сувязі з гібеллю беларускай лёгкаатлеткі Юліі Балыкінай.
"Я пішу ад імя Еўрапейскай лёгкаатлетычнай асацыяцыі, каб выказаць наша ўзрушэнне і смутак ад жудаснай навіны пра смерць Юліі Балыкінай, пра якую мы даведаліся сёння. Мы можам толькі ўявіць сабе, што адчуваюць сям'я і сябры Юліі, Вы і Вашы калегі ў федэрацыі", — перадае interfax.by словы Хансэна ў лісце да Беларускай федэрацыі лёгкай атлетыкі.
Раней паведамлялася, што цела зніклай лёгкаатлеткі Юліі Балыкінай было знойдзенае міліцыянтамі ў лясным масіве каля вёскі Старына Смалявіцкага раёна. Як інфармавала МУС, цела жанчыны было загорнутае ў цэлафан і старанна прыкрытае мохам.
Лёгкаатлетку шукалі з 28 кастрычніка, калі яна не вярнулася дадому і перастала выходзіць на сувязь. Агляд яе кватэры і аўтамабіля пацвердзіў, што знікненне мае крымінальны характар.
Па падазрэнні ў злачынстве быў затрыманы знаёмы дзяўчыны. На яго пачалі крымінальную справу за забойства.