Хадзіў без маскі, а асудзілі за маску: гісторыя аднаго затрымання ў фота
Блогеру Пятру Маркелаву суд Центральнага раёна Мінска дае 12 сутак, бо той парушаў закон на мітынгу: хаваў твар пад маскай ці шалікам.
Па словах Пятра, ён проста вёў назіранне за акцыяй, здымаў стрым, нават засняў затрыманне анархістаў у тралейбусе, пасля чаго быў затрыманы. Еўрарадыё прасачыла за Маркелавым па фота і відэа з акцыі і вось што з гэтага атрымалася.
Кінатэатр “Кастрычнік”, акцыя толькі пачынаецца, Пётр Маркелаў стаіць сярод людзей, твар не хавае.
Вуліца Сурганава, Пётр Маркелаў стаіць у арцы разам са знаёмым, твар не схаваны, нават капелюша на галаве няма.
Прыпынак каля Бангалор, акцыя фактычна скончаная, Пётр Маркелаў садзіцца ў тралейбус, твар бачны, адкрыты.
Брутальнае затрыманне анархістаў і іншых пасажыраў у 37-м тралейбусе каля казіно “Белая Вежа”. Пятра выводзяць людзі ў цывільным.
Іншае абвінавачанне да Пятра Маркелава ― непадпарадкаванне супрацоўнікам міліцыі. На відэа, якое зняў ён сам, добра бачна, што пры затрыманнях у тралейбусе ніхто нікому не прасдтаўляецца.
А вось іншае відэа, дзе таксама бачна, што Пятра проста выводзіць з тралейбуса нейкі чалавек у цывільнай вопратцы (58 секунда).
Згодна з пратаколамі міліцыянтаў, у Пятра Маркелава не канфіскоўвалі ні шалік, ні маску. Пра што ў судзе казала яго адвакат. Суддзя Вайцэховіч, якая вынесла прысуд, нават не стала глядзець відэа, якое даказвае невінаватасць Пятра, бо здымка “вялася не ў межах адміністрацыйнага працэсу”.