Еўрасаюз дабіваецца выдалення расійскай прапаганды з пашукавікоў

ЕС спрабуе змагацца з дэзінфармацыяй з Расіі

ЕС спрабуе змагацца з дэзінфармацыяй з Расіі / nytimes.com

Санкцыі ў дачыненні да расійскіх рэсурсаў RT і Sputnik былі ўведзеныя пасля пачатку расійскага ўварвання ва Украіну. Але прапагандысцкія медыя працягваюць актыўна працаваць у інтэрнэце — мы расказвалі пра тое, што іх шкодныя наратывы дасягаюць значнай аўдыторыі. Ці сочыць за гэтым Еўрасаюз і якія крокі плануе зрабіць у адказ?

Санкцыі мусяць выконвацца

Для пачатку Еўрасаюз цалкам адназначна ацэньвае Расію як гульца на медыяполі.

"Расія вядзе сістэматычную міжнародную кампанію па маніпуляцыі СМІ і інфармацыяй, умяшанні і сур'ёзным скажэнні фактаў з мэтай апраўдаць і падтрымаць сваю поўнамаштабную агрэсіўную вайну супраць Украіны, а таксама ўзмацніць сваю стратэгію дэстабілізацыі суседніх краін, ЕС і яго дзяржаў-чальцоў", — адзначае ў каментары Еўрарадыё прэс-сакратар Еўрасаюза па палітыцы і бяспецы Петэр Стана.

У ЕС адзначаюць, што роля прапагандысцкіх каналаў важная ў прасоўванні агрэсіўнай вайны і дэстабілізацыі суседніх краін. Краіны-чальцы ЕС павінныя забяспечваць выкананне санкцый супраць іх. Як гэта рабіць — вызначае Еўракамісія. Стана кажа, што рэкамендацыі працягваюць абнаўляцца.

Ці магчымыя санкцыі ў дачыненні да беларускага "Спутника"?

Нават калі RT і "Спутники" на еўрапейскіх мовах былі недаступныя на тэрыторыі ЕС, беларуская "дачка" расійскай машыны прапаганды спакойна адкрывалася. Акрамя працы на аўдыторыю ў Беларусі яна дапамагае распаўсюджваць прапаганду сярод рускамоўных жыхароў ЕС.

Еўрарадыё спытала ў прадстаўніка Еўрасаюза пра магчымасць дадатковых санкцый супраць гэтага выдання.

“Мы па-ранейшаму гатовыя прапанаваць далейшыя жорсткія меры, калі прэзідэнт Пуцін не спыніць і не паверне назад уварванне. Мы поўныя рашучасці і адзіныя.

Аднак мы не спекулюем на будучых санкцыях. Усе рашэнні пра санкцыі прымаюцца аднагалосна дзяржавамі-чальцамі ў Савеце па сумеснай прапанове Вярхоўнага прадстаўніка Саюза па замежных справах і палітыцы бяспекі і Камісіі.

Як правіла, мы не каментуем патэнцыйных або цяперашніх абмеркаванняў санкцый у Савеце, яны ўнутраныя і канфідэнцыйныя, і мы не спекулюем на магчымым будучым развіцці падзей. Мы належным чынам абвяшчаем пра меры пасля іх прыняцця", — адказвае Петэр Стана.

Каб сачыць за галоўнымі навінамі, падпішыцеся на канал Еўрарадыё ў Telegram.

Мы штодня публікуем відэа пра жыццё ў Беларусі на Youtube-канале. Падпісацца можна тут.

Апошнія навіны

Галоўнае

Выбар рэдакцыі