Еўрасаюз не прызнае легітымнасць Лукашэнкі
Еўрасаюз не прызнае легітымнасць Аляксандра Лукашэнкі. Гэта вынікае з заявы кіраўніка еўрапейскай дыпламатыі Жазэпа Барэля.
"ЕС не прызнаў вынікі сфальсіфікаваных [прэзідэнцкіх] выбараў 9 жніўня [2020-га], — цытуе яе тэкст consilium.europa.eu. — На гэтай падставе так званая інаўгурацыя 23 верасня і новы мандат, прыняты Аляксандрам Лукашэнкам, не маюць дастатковай дэмакратычнай легітымнасці".
Жазэп Барэль паведаміў, што "ЕС вядзе пераацэнку дачыненняў з Беларуссю".
У заяве таксама адзначаецца, што "інаўгурацыя" супярэчыць пазіцыі значнай часткі беларусаў і толькі паглыбляе палітычны крызіс у Беларусі. ЕС падкрэслівае, што беларусы заслугоўваюць права быць прадстаўленымі тымі людзьмі, якіх яны свабодна выбіраюць. У Бруселі ўражаныя мужнасцю беларускага народу, які працягвае мірна змагацца за свае правы і дэмакратыю, "нягледзячы на жорсткія рэпрэсіі беларускіх уладаў". ЕС спадзяецца, што афіцыйны Мінск адмовіцца ад далейшых рэпрэсій і гвалту. Еўрасаюз выступае за нацыянальны дыялог у Беларусі, за новыя выбары пад назіраннем АБСЕ.
Каб сачыць за галоўнымі навінамі, падпішыцеся на канал Еўрарадыё ў Telegram.
Мы штодня публікуем відэа пра жыццё ў Беларусі на Youtube-канале. Падпісацца можна тут.