Еўрасаюз — пра суд за "0 праміле": беларусам доўга адмаўлялі ў асноўных свабодах

Еўрасаюз — пра суд за "0 праміле": беларусам доўга адмаўлялі ў асноўных свабодах

Прадстаўнік Еўрасаюза Петэр Стана пракаментаваў прысуд, вынесены журналістцы Кацярыне Барысевіч і доктару Арцёму Сарокіну.

Петэр Стана падкрэсліў, што дакладныя паведамленні дазваляюць сцвярджаць: "11 лістапада 2020 года Раман Бандарэнка быў збіты да смерці асобамі, звязанымі з супрацоўнікамі праваахоўных органаў". А вінаватыя дагэтуль не прыцягнутыя да адказнасці.

"Занадта доўга адмаўлялі беларусам у іх асноўных свабодах, уключаючы свабоду выказвання меркаванняў і інфармацыі, і ў самых асноўных правах, такіх як права на празрыстае і справядлівае судовае разбіральніцтва. Гэтыя парушэнні недапушчальныя і ідуць насуперак з міжнароднымі абавязальніцтвамі Беларусі па выкананні правоў чалавека", — паведаміў Петэр Стана. 

Ён дадаў, што ЕС працягне падтрымліваць беларускі народ у яго законным памкненні да дэмакратыі і павагі асноўных свабодаў. 

Арцём Сарокін і Кацярына Барысевіч абнародавалі звесткі, што ў крыві забітага Рамана Бандарэнкі не было алкаголю. Гэтыя звесткі супярэчылі афіцыйнай версіі Следчага камітэта і словам Аляксандра Лукашэнкі. 

Хаця сям'я Бандарэнкі не мела да іх прэтэнзіяў і пацвердзіла дазвол на публікацыю звестак, доктара і журналістку асудзілі. Барысевіч атрымала 6 месяцаў зняволення і вялікі штраф. Сарокіну прысудзілі два гады зняволення з адтэрміноўкай на адзін год.

Каб сачыць за галоўнымі навінамі, падпішыцеся на канал Еўрарадыё ў Telegram.

Мы штодня публікуем відэа пра жыццё ў Беларусі на Youtube-канале. Падпісацца можна тут.

Апошнія навіны

Галоўнае

Выбар рэдакцыі