Еўразійскі банк развіцця не спяшаецца выдаваць Беларусі новы крэдыт

Камісія Еўразійскага банка развіцця ацэніць выкананне Беларуссю ўмоваў выдзялення ранейшага крэдыту і магчымасці выдачы новага. Пра гэта заявіў старшыня праўлення банка Дзмітрый Панкін, які знаходзіцца з візітам у Мінску.

Паводле яго інфармацыі, 24-28 жніўня ў Беларусь на перамовы прыедзе місія экспертаў ЕАБР, якая будзе мець з беларускімі ўладамі “дэтальную размову па кожным паказніку”. Абмяркуюць валютныя рэзервы, агульны аб’ём крэдытавання беларускай эканомікі, узровень кампенсацыі жыллёва-камунальных і транспартных тарыфаў. Дзмітрый Панкін сказаў, што спадзяецца знайсці кампраміс.

Ён таксама нагадаў, што раней Беларусь атрымлівала фінансавую пазыку і на апошнім паседжанні Еўразійскага фонду стабілізацыі і развіцця абмяркоўвалася пытанне выдачы новага крэдыту. Але папярэдні крэдыт наша краіна атрымала не ў поўным аб’ёме — з 3 мільярдаў долараў выдалі толькі 2,5. Гэта адбылося праз невыкананне выстаўленых умоваў. Таму прадстаўнікі фонду не жадаюць размаўляць пра ўмовы новага крэдыту, пакуль не будуць разгледжаныя прычыны зрыву старых дамоўленасцяў.
 
Беларусь звярнулася ў Еўразійскі фонд стабілізацыі і развіцця з заяўкай на атрыманне новага крэдыту на 3 мільярды долараў у сакавіку 2015 года. 3 ліпеня савет фонду даручыў дапрацаваць матрыцу эканамічных захадаў, якія краіна будзе рабіць у выпадку атрымання крэдыту, паведамляе БелаПАН.

Фота з архіву

Апошнія навіны

Галоўнае

Выбар рэдакцыі