"Фабрыка зорачак" па 328-м артыкуле: 8 гадоў за "збыт бязвыплатным шляхам"

Здымак выкарыстаны ў якасці ілюстрацыі
Здымак выкарыстаны ў якасці ілюстрацыі

Летам 2017 года двое хлопцаў з Рагачова — Б. і К. — атрымалі па 8 гадоў турмы за злачынствы, звязаныя з наркотыкамі. Усяго ў тым годзе па “наркатычных” артыкулах былі асуджаныя 2942 чалавекі. Б. і К. аказаліся тымі, хто не змірыўся са сваімі прысудамі і дайшоў з апеляцыямі да Вярхоўнага суда. Які (нечакана) прыслухаўся да іх довадаў і адправіў справу на перагляд.

Наркатычныя крымінальныя справы ў Беларусі называюць "фабрыкай зорачак". Удзельніцы руху "Маці-328" упэўненыя, што следства часта штучна робіць больш цяжкімі артыкулы, па якіх потым судзяць іх дзяцей.

“Фабрика звёздочек” по 328-й статье: 8 лет за “сбыт безвозмездным путём”

"Злавілі наркамана, вытраслі пыл ад дозы — вось табе ўжо першая частка [артыкула 328 КК РБ. — Еўрарадыё]. Прымусілі паказаць, у каго браў — трэцяя. Вельмі простыя злачынствы для справаздачнасці. Міліцыі не трэба тлуміць сабе галаву, шукаць наркабаронаў за мяжой. Навошта? У іх і так усё добра — "зарапад" і прэміі", — распавядае Еўрарадыё юрыст Алег Калінкоў, чыйго сына два гады таму асудзілі па "наркатычным" 328-м артыкуле КК. Мінімальнае пакаранне па першай частцы артыкула 328 (захоўванне наркотыкаў без мэты збыту) — два гады абмежавання волі. Мінімум па трэцяй частцы артыкула (распаўсюджванне, здзейсненае групай асоб) — пазбаўленне волі на восем гадоў.

Дакумент, апублікаваны нядаўна на сайце Вярхоўнага суда Беларусі, дапамагае зразумець, як адбываецца так, што артыкулы робяцца больш цяжкімі. Фармулёўкі кшталту "збылі частку раней набытага наркатычнага сродку адзін аднаму" і "шляхам бязвыплатнай перадачы збыў частку марыхуаны, якая ў яго была" выклікаюць шчырае здзіўленне.

Вось фрагмент з пастановы судовай калегіі ВС па справе № 02н-1174/2018:

"Камісія Вярхоўнага суда ўстанавіла, што Б. і К. прызнаныя вінаватымі ў тым, што з мэтай асабістага спажывання набылі небяспечны наркатычны сродак — марыхуану, Б. прыкладна ў верасні-кастрычніку 2016 года масай не менш за 3,263 грама, К. — летам 2016 года масай не менш за 0,6269 грама, і захоўвалі яе.

Яны ж 14 студзеня 2017 года, будучы асобамі, якія раней здзейснілі злачынства, прадугледжанае арт.328 КК, знаходзячыся па месцы жыхарства К., збылі частку раней набытага наркатычнага сродку адзін аднаму, сумесна спажыўшы шляхам курэння.

Затым Б., будучы асобай, якая раней учынiла злачынства, прадугледжанае арт.328 КК, знаходзячыся ў стане наркатычнага ап'янення, у гэтым жа месцы шляхам бязвыплатнай перадачы частку марыхуаны, якая ў яго была, збыў З., якую той ужыў шляхам курэння. Астатнюю марыхуану Б. масай не менш 3,263 грама, а К. — не менш 0,6269 грама працягнулі захоўваць у кватэры апошняга.

Акрамя таго, Б., быўшы прыцягнуты 2016/12/02 пастановай ЧВАД начальніка Рагачоўскага РАУС па ч.4 арт.17.3 КаАП да адміністрацыйнай адказнасці, каля 21 гадзіны 15 хвілін 14 студзеня 2017 года знаходзіўся ў грамадскім месцы — каля дома № 109 па вул. Леніна г. Рагачова ў стане, выклiканым ужываннем без прызначэння лекара наркатычных сродкаў, які абражае чалавечую годнасць і грамадскую маральнасць. А менавіта, меў невыразнае маўленне, зрэнкі, не якія рэагавалі на святло, затарможаную рэакцыю на падзеі.

...Суд таксама палічыў устаноўленым, што абвінавачаныя з мэтай асабістага спажывання незалежна адзін ад аднаго набылі небяспечны наркатычны сродак — марыхуану, Б. масай не менш за 3,263 грама, К. — масай не менш за 0,6269 грама.

Пры гэтым кожнаму з іх у названыя вышэй аб'ёмы марыхуаны судом ўключанае незаконнае набыццё аднаго і таго ж наркатычнага сродку масай 0,0369 грама, выяўленага падчас агляду месца здарэння на ўнутранай паверхні фрагмента палімернай бутэлькі і на ўнутранай паверхні палімернага вядра".

Неўразуменне 1. Чаго чакалі Б. і К., якія раней ужо трапляліся на наркотыках, купіўшы "траўку" летам і восенню, а ужыўшы ў студзені?

Следчыя, вы наогул верыце ў тое, што напісалі? Па-вашаму, людзі, якія ўжо здзяйснялі наркатычныя злачынствы і ведаюць, чым пагражае захоўванне марыхуаны, чакаюць некалькі месяцаў, каб пад Стары Новы год нарэшце "забіць касячок"? Гэта ж якая сіла волі павінна быць у абвінавачаных!

Здзіўленне 2. 14 студзеня 2017 года абвінавачваныя Б. і К. збылі частка раней набытага наркатычнага сродку адзін аднаму, сумесна спажыўшы шляхам курэння.

Як гэта? І ў Б., і ў К., па версіі следства, была марыхуана. Навошта ім "збываць» яе адзін аднаму перад тым, як "раскурыў"? Нагадвае анекдот пра юрыстаў, якія ў адказ на тое, што ў рэстаран нельга са сваімі абедамі, з уздыхам памяняліся прынесены ссобойку.

Неўразуменне 3. Б. шляхам бязвыплатнай перадачы збыў частку марыхуаны, якая ў яго была, З., якую той ужыў шляхам курэння.

Што значыць "збыт шляхам бязвыплатнай перадачы"? Проста аддаў? Перадаў? І гэта фігуруе ў матэрыялах крымінальнай справы, якая скончылася пакараннем ў восем гадоў пазбаўлення волі? Калі вы раней не верылі ў тое, што за перадачу "касячка" з рук у рукі ў Беларусі можна атрымаць рэальны тэрмін — калі ласка, вось рэальны доказ.

Неўразуменне 4. У аб'ёмы марыхуаны суд ўключае незаконнае набыццё Б. і К. аднаго і таго ж наркатычнага сродку масай 0,0369, знойдзенага на ўнутраных паверхнях палімернай бутэлькі і палімернага вядра.

Мы не сумняваемся ў тым, што ў следчых, якія вядуць справы па наркотыках, добрыя і дакладныя вагі. Але як можна незаконна набыць 0,0369 грама смалы марыхуаны? Дзе яе прадаюць у такіх колькасцях?

***

Прысуд суда Рагачоўскага раёна ад 29 чэрвеня 2017 года быў перагледжаны судовай калегіяй па крымінальных справах Вярхоўнага суда 9 лістапада 2018 года. Атрымліваецца, што праца следства па справе Б. і К. здзівіла не толькі нас. Але ў Вярхоўным судзе нешта пацвярджаць ці абвяргаць адмаўляюцца: маўляў, апублікаваная пастанова кажа сама за сябе.


Больш важных і цікавых навінаў у праграме "Еўразум" за 22.11:

Апошнія навіны

Галоўнае

Выбар рэдакцыі