Фанатаў "Рэчыцы-2014" абвінавачваюць у вырабе порна і хуліганстве
Упраўленне Следчага камітэта па Гомельскай вобласці расследуе крымінальную справу па артыкуле "Распальванне расавай, нацыянальнай ці рэлігійнай варажнечы ці розні". Падазраваным аказаўся адзін з лідараў фанацкага руху футбольнага клуба "Рэчыца-2014" (сёлета ён заняў апошняе месца ў першай лізе), інфармуе прэс-служба МУС.
Праваахоўнікі высветлілі, што летам 2015 года 17-гадовы хлопец "угаварыў малалетнюю дзяўчынку славянскай знешнасці збіць аднагодку-цыганку". У выніку дзеці пабіліся.
Адзначаецца, што на сённяшні дзень зламыснік арыштаваны за іншыя злачынствы. Разам з яшчэ 10 фанатамі ён абвінавачваецца ў здзяйсненні злоснага хуліганства і рабунку, здзейсненага групай асобаў. Расследуецца і крымінальная справа, распачатая за выраб і распаўсюд парнаграфічных матэрыялаў. Па ёй праходзіць адзін малады чалавек.
Фанатам пагражае да 6 гадоў пазбаўлення волі. Дарэчы, яны прыцягнулі ўвагу праваахоўных органаў пасля здарэння ў траўні сёлета. Тады фанаты запрасілі ў госці жыхара Гомеля, збілі яго, распранулі, распісалі цела фашысцкай свастыкай і нецэнзурнымі словамі. Пасля гэтага яны прымусілі мужчыну бегаць па горадзе.
Здымак з архіву. Фота: ria.ru