Фанаты ФК "Нёман" ушанавалі памяць Ніла Гілевіча песняй i хвілінай маўчання
Фанаты гродзенскага футбольнага клуба "Нёман" правялі акцыю ў памяць Народнага паэта Ніла Гілевіча. Яна прайшла 3 красавіка, калі "Нёман" на сваёй пляцоўцы сустракаўся з мікашэвіцкім "Гранітам".
Фанаты некалькі разоў праспявалі песню на словы Гілевіча "А я лягу-прылягу", а таксама зладзілі хвіліну маўчання.
Гульня, дарэчы, скончылася з лікам 1:1.
У каментары гродзенскаму радыё "Твой стыль" старшыня Клуба заўзятараў Дзяніс заявіў: "Мы, як патрыёты сваёй краіны, проста абавязаны былі гэта зрабіць. Ніл Гілевіч быў сапраўдным сынам Беларусi, якім ганарацца і якога паважаюць не толькі ў нашай краіне, але і за яе межамі. На матчы адкрыцця чэмпіянату мы спявалі песню на словы Ніла Гілевіча "А я лягу-прылягу". Зрабілі мы гэта ў знак павагі і смутку аб Народным паэце. Ідэя зрабіць падобнае прыйшла за некалькі дзён да матчу. Многія песню ведалі, але былі і тыя, што карысталіся падказкай з паперы. На наш погляд, атрымалася ўсё добра".
Акрамя таго, на матчы фанаты "Нёмана" правялі перформанс з жоўтай падводнай лодкай.
Дарэчы, фанаты гродзенскага клуба ўжо не першы раз ушаноўваюць народных паэтаў. У канцы мінулага года адбылася акцыя ў гонар Янкі Купалы.