Фармулёўкі суда ў Лазане могуць паўплываць на рашэнне УЕФА па Беларусі — BSSF
Беларускі футбол могуць чакаць новыя санкцыі / Ілюстрацыйнае фота pixabay.com
Спартыўны арбітражны суд у Лазане (CAS) агучыў важныя рашэнні па справе Беларускага фонду спартыўнай салідарнасці (BSSF) супраць УЕФА і Асацыяцыі "Беларуская федэрацыя футбола" (АБФФ). Яна разглядалася амаль год. Згодна з рашэннем, CAS не мае прававых інструментаў для прымушэння УЕФА да расследавання ў дачыненні да АБФФ. Аднак BSSF бачыць і пазітыў.
У 30-старонкавым рашэнні выказваецца шкадаванне, што УЕФА вырашыў не пачынаць расследаванне ў дачыненні АБФФ. Таксама адзначаецца, што "рашэнне аб адмове ў апеляцыі, на думку складу арбітраў, не апраўдвае ніякіх дзеянняў, учыненых беларускімі спартыўнымі і палітычнымі ўладамі, якія дыскрымінавалі або пераследавалі любога з заяўнікаў".
BSSF піша, што ў дакуменце агучаны важныя фармулёўкі: прызнанне палітычнага пераследу спартсменаў у Беларусі, фактаў дыскрымінацыі, а таксама падкрэсленая мэтазгоднасць правядзення такога расследавання з боку УЕФА. На думку BSSF, яны "могуць аказаць прамы ўплыў на рашэнне UEFA аб адхіленні зборнай Беларусі ад кваліфікацыі на Еўра-2024, а таксама ад іншых турніраў пад эгідай UEFA".
Гэтае пытанне будзе абмяркоўвацца на пасяджэнні выканкама УЕФА 4 красавіка ў Партугаліі.
Каб сачыць за галоўнымі навінамі, падпішыцеся на канал Еўрарадыё ў Telegram.
Мы штодня публікуем відэа пра жыццё ў Беларусі на Youtube-канале. Падпісацца можна тут.