Фельчар хуткай дапамогі: беларусы стаміліся баяцца віруса
Фельчар хуткай дапамогі з Магілёва 23-гадовы Яўген Шкрэдаў распавёў sb.by свае назіранні падчас працы з заражанымі каранавірусам і кантактамі першага ўзроўню. "Апошнім часам, заўважаю, людзі стаміліся баяцца віруса і нават праяўляюць некаторую бестурботнасць, — кажа ён. — Гэта як са СНІДам: калі няма інфіцыраваных сярод знаёмых, значыць, і праблемы не існуе".
Шкрэдаў звяртае ўвагу на тое, што на вуліцах многія людзі без масак. І гэта пры тым, кажа фельчар, што "хуткім штодня даводзіцца перавозіць па Магілёве па некалькі дзясяткаў заражаных пацыентаў або кантактаў першага ўзроўню".
У той жа час пры павелічэнні складанасці працы для хуткай дапамогі, выездаў стала менш: яшчэ зімой за змену было 25, цяпер — каля 15. Яўген Шкрэдаў тлумачыць гэта тым, што "беларусы сталі больш свядомымі і не турбуюць па дробязях" (зрэдку здараюцца выклікі, калі людзі заявілі пра каранавірус, а ніякіх сімптомаў не было). Да таго ж у паліклініках створаны брыгады медыкаў, якія наведваюць пацыентаў па месцы жыхарства.
Тым часам 28 траўня колькасць выяўленых у Беларусі выпадкаў COVID-19 наблізілася да 40 тысяч. Новых выпадкаў зноў больш за 900. Памерлі 219 чалавек (+5).
Каб сачыць за галоўнымі навінамі, падпішыцеся на канал Еўрарадыё ў Telegram.
Мы штодня публікуем відэа пра жыццё ў Беларусі на Youtube-канале. Падпісацца можна тут.