Фермер з Бярозаўшчыны адклікаў згоду на забой сваіх 160 свіней

Дакументы на забой свіней падпісвалі ўсе ўладальнікі свіней у “буфернай зоне” вакол свінафермы ў Сошыцы. Так патрабаваў Бярозаўскі райвыканкам. У каментары Еўрарадыё фермер патлумачыў:



Аліхвер: "Я адклікаў свой подпіс ад гэтага дакумента. І адклікаў подпіс з прадпісання, дзе напісана, што я мушу да 29 жніўня прыбраць усіх свіней, і калі не прыбяру, то мяне будуць штрафаваць. Напісаў у райвыканкам заяву, што адклікаў подпісы. Трэцім пунктам напісаў, што буду супрацоўнічаць толькі ў тым выпадку, калі райвыканкам прадаставіць усе юрыдычныя дакументы".



Аліхвер лічыць, што яго бізнэс ліквідуюць без ніякіх юрыдычных падставаў. Ён зазначае, што ні ў адным беларускім законе няма азначэння буфернай зоны. Фермер кажа, што ўклаў у развядзенне свіней 15 тысяч долараў. У яго запазычанасць перад Жабінкаўскім камбікормавым заводам у 30 мільёнаў. Аліхвер кажа, што не пакрые запазычанасць, калі заб’е сваіх свіней на ўмовах, выстаўленых уладамі.



Са словаў Аліхвера, ён нядаўна купіў на аўкцыёне будынак пад ферму. У яго каля ста парсюкоў в'етнамскай пароды, 30 свінаматак і 6 кныроў.



Нагадаем, на Брэстчыне ў сувязі з эпідэміяй афрыканскай чумы свіней Івацэвіцкі, Пружанскі і Баранавіцкі раёны аб’яўлены буфернымі з абавязковым знішчэннем свінога пагалоўя. У іншых раёнах вакол свінакомплексаў вырашана выразаць свіней з прыватных падворкаў у радыўсе 5 кіламетраў. Буферную зону вакол фермы Бярозаўскага камбікормавага завода стварылі і ў Асошыцах — паводле рашэння райвыканкама.



Фота — rus.db.lv

Апошнія навіны

Галоўнае

Выбар рэдакцыі