Фестываль "Камяніца" пройдзе 6 верасня

6 верасня на тэрыторыі Музея народнай архітэктуры і побыту пад Мінскам адбудзецца шосты па ліку фолк-фэст "Камяніца".

“Мы ўвесь час знаходзімся ў пошуку дадатковых рашэнняў, — распавядае пра новаўвядзенні каардынатар фестывалю Сяргей Чагрынец. — Напрыклад, сёлета плануецца суполка кухараў, такое, даволі масавае мерапрыемства. Ёсць і іншыя цікавыя элементы, якія мы паспрабуем уключыць у праграму фестывалю і пра якія распавядзём пазней. Але перш за ўсё, і гэта такі лейтматыў сёлетняга фэсту, зацэментаваць тыя нашы перавагі, якіх мы дасягнулі за шэсць гадоў існавання. Сумець захаваць тую атмасферу, якую здолелі стварыць”.

Сёлета арганізатары вырашылі пашырыць культурны напрамак "Камяніцы" і запрасіць да ўдзелу фатографаў, дызайнераў, мастакоў і іншых творчых людзей, якія працуюць у рэчышчы нацыянальнай культуры.

“У нас праходзілі і фота-выставы і карцінныя галерэі, але гэта былі працы ў асноўным ужо вядомых людзей, якія ўжо, можна лічыць, рэалізаваліся, — тлумачыць Сяргей Чагрынец. — А сёлета мы дадзім магчымасць паказаць свае працы тым, хто яшчэ не паспеў пра сябе заявіць, ці заявіў у меншай ступені. Галоўнае, каб іх працы адпавядалі агульнай канцэпцыі фестывалю”.

Усім ахвочым трэба даслаць свае прапановы да 25 жніўня на мэйл [email protected] з апісаннем, прыкладамі і кантактамі.

Лайн-ап фестывалю арганізатары абвесцяць неўзабаве, але канцэпцыя застанецца нязменнай: сёлета выступяць лепшыя прадстаўнікі беларускай фолк-сцэны ды замежныя госці з Чэхіі, Польшчы, Украіны ды Расіі.

Нагадаем, фестываль "Камяніца" праходзіць з 2009 года і мае дабрачынны характар. Усе сродкі ад квіткоў ідуць на рахункі Музея народнай архітэктуры і побыту у вёсцы Азярцо пад Мінскам (4 км. за аўтарынак "Малінаўка"), дапамагаючы захоўваць самую вялікую ў Беларусі калекцыю аўтэнтычнай драўлянай архітэктуры XVIII-XX стагоддзяў. У мінулыя гады на "Камяніцу" прыязджалі "Даха Браха" (Украіна), Orkiestra Sw.Mikolaja (Польшча), "Іван Купала" (Расія), "Фолькнери" (Украіна), Алег Скрыпка (Украіна) ды шэраг іншых выканаўцаў.

Апошнія навіны

Галоўнае

Выбар рэдакцыі