На юбілейнай “Камяніцы” можна будзе танцаваць і спяваць разам з артыстамі

На юбілейнай “Камяніцы” можна будзе танцаваць і спяваць разам з артыстамі

1 верасня ў Музеі народнай архітэктуры і побыту ў Азярцы пройдзе дзясяты фолк-фэст “Камяніца”. Хэдлайнерамі оўпэн-эйра стануць беларускае этна-трыа “Троіца”, украінцы Joryj Kloc, расіяне “Тесто”. У лайн-апе таксама “Стары Ольса”, Лявон Вольскі & Павел Аракелян, Зміцер Вайцюшкевіч & WZ-Orkiestra, Trollwald.

Адной з цікавостак юбілейнай “Камяніцы” стане інтэрактыўная сцэна “Традыцыя” з народнымі спевамі, танцамі і забавамі а таксама выступамі аўтэнтычных бабуль і дзядуль з Палесся.

Інтэрактыўная сцэна размесціцца на пагорку насупраць галоўнай. Яе ідэя ў адсутнасці бар’ера паміж артыстамі і гледачамі.

“Можна слухаць і глядзець, а можна спяваць і танцаваць разам з выступоўцамі, якія знаходзяцца на мінімальнай дыстанцыі ад вас. Гэта будзе адначасова і канцэрт, і майстар-клас, і імерсіўнае шоў традыцыйнай беларускай культуры на фоне ўнікальных дэкарацый музея”, — кажа куратар сцэны Сяргей Доўгушаў, кіраўнік праекта “Спеўны сход” і лідар гурта Vuraj.

Фестывальная пляцоўка адчыніцца ў 11:00 адначасова з кропкамі харчавання, дзіцячай пляцоўкай, забавамі. Інтэрактыўная сцэна “Традыцыя” пачне працу ў 12:00.

Тут выступяць фолк-гурт “Чарот”, капэла “Любанскія музыкі” і Сяргей Выскварка, этна-студыя Кetri, Патрыцыя Свіціна, праект “Спеўны сход”, фолк-гурт “Гаманіна”, капэла “Коліснія”, мужчынскі гурт “Кудмень”, а таксама “Дударскі клуб”.

Упрыгожаць фэст выступы бабуль і дзядуль з Палесся: дуэта Еўдакіі Зіновіч і Фёдара Булыгі з вёскі Вулька (Драгічынскі раён Брэсцкай вобласці) і гурта “Таняжанка” з вёскі Тонеж (Лельчыцкі раён Гомельскай вобласці).

Квіткі на “Камяніцу” каштуюць 15 рублёў (дарослыя), 10,5 рублёў (школьнікі і студэнты). 1 верасня кошты вырастуць. Гледачам у поўных версіях нацыянальных строяў (ад галаўных убораў да абутку) уваход бясплатны.

Генеральны партнёр фестывалю – ААТ “Банк БелВЭБ”.

Апошнія навіны

Галоўнае

Выбар рэдакцыі