Фолк-фэст "Камяніца" аб'явіў праграму
10 верасня у Музеі народнай архітэктуры і побыту пад Мінскам пройдзе фолк-фэст “Камяніца”. Яго хэдлайнерамі стануць расіяне, зорка этна-музыкі Іна Жаланная і этна-трансавы калектыў “Оле-Лукойе”. Таксама на галоўную сцэну выйдуць украінскія фолк-рокеры “Тарута”, беларускія гурты "Троіца", Re1ikt, “Ветах”, Паліна Рэспубліка і іншыя. Усяго ў фэсце возьмуць удзел 20 калектываў, якія сыграюць на вялікай і малой сцэнах, а таксама на дадатковых пляцоўках.
Музычная праграма "Камяніцы" пачнецца а 13-й гадзіне. Першымі на сцэне з'явяцца гурты "Ветах", "Троіца" і Паліна Рэспубліка. Паралельна будуць выступаць самадзейныя і дзіцячыя калектывы, пройдуць "Спеўны сход" і традыцыйнае вяселле пад кіраўніцтвам Сяргея Долгушава, 10 майстар-класаў па кераміцы, пляценні з лазы, маляванні каляровым пяском, выставы мастакоў і фатографаў.
Фолк-фестываль “Камяніца” упершыню прайшоў у 2009 годзе. Грошы з квіткоў ідуць на рахункі музея, дапамагаючы захоўваць унікальную калекцыю беларускай драўлянай архітэктуры 18-20 стагоддзяў.
Квіткі на фестываль: для дарослых — 10 рублёў, для студэнтаў — 7 рублёў, для школьнікаў — 5 рублёў. Набыць можна на ўваходзе альбо на сайтах і ў касах Bycard, SMSbilet. Дашкольнікі і гледачы ў поўных версіях нацыянальнага строю (ад абутку да галаўнога ўбора) праходзяць бясплатна.