Фігурант "справы Аўтуховіча" Уладзімір Гундар расказаў пра збіццё пры затрыманні
Уладзімір Гундар / БЕЛТА
Адзін з абвінавачаных па "справе Мікалая Аўтуховіча" Уладзімір Гундар заявіў у судзе, што пры затрыманні яго збівалі. Пра гэта паведамляюць праваабаронцы. Паводле слоў Гундара, супрацоўнікі КДБ, якія прыйшлі яго затрымліваць, адразу паставіліся да яго як да тэрарыста. Яны патрабавалі прызнацца ў злачынствах.
"Потым мяне білі людзі ў цывільным. Пасля кожнага адмоўнага адказу на патрабаванне прызнаць сябе паслядоўнікам і саўдзельнікам Аўтуховіча мяне білі па галаве. Пастаянна пыталіся: "Навошта табе марнаваць час, рызыкаваць жыццём сваёй сям'і за нейкага Аўтуховіча, які ўжо даўно дае паказанні?" — расказаў у судзе Гундар.
Даваць паказанні на працэсе ён адмовіўся. Гундара абвінавачваюць паводле двух артыкулаў КК РБ — "стварэнне злачыннай арганізацыі" (ч. 1 арт. 285 КК) і "замах на захоп дзяржаўнай улады неканстытуцыйным шляхам" (ч. 2 арт. 357 КК). Сваю віну ён не прызнае. Праваабаронцы прызналі Гундара палітвязнем.
Сёння павінен адбыцца допыт Мікалая Аўтуховіча. Яго дапытваюць апошнім.
Суд "па справе Аўтуховіча" пачаўся 18 траўня. Ён праходзіць у будынку турмы №1 Гродна. Па справе праходзяць 12 чалавек. Аўтуховічу прад'яўленае абвінавачванне па 12 артыкулах КК, у тым ліку "здрада дзяржаве", "стварэнне злачыннай арганізацыі", "акт тэрарызму", "замах на захоп дзяржаўнай улады неканстытуцыйным шляхам". Паводле версіі следства, Аўтуховіч быў арганізатарам і кіраўніком "тэрарыстычнай групоўкі", якая падпальвала аўтамабілі і дамы сілавікоў, стварала схованкі са зброяй.
Каб сачыць за галоўнымі навінамі, падпішыцеся на канал Еўрарадыё ў Telegram.
Мы штодня публікуем відэа пра жыццё ў Беларусі на Youtube-канале. Падпісацца можна тут.