Fitch Ratings адклікае крэдытныя рэйтынгі Беларусі — агенцтву мала інфармацыі
Замежныя агенцтвы проста не ведаюць, як ацаніць беларускія справы
Fitch Ratings адклікала рэйтынгі Беларусі, у тым ліку апошні доўгатэрміновы рэйтынг дэфолту ў замежнай валюце "RD" (абмежаваны дэфолт)".
Тлумачыцца гэта дзеяннямі Беларусі, якая не дае патрэбных звестак для рэйтынгавання.
— Адсутнасць дастатковага ўдзелу эмітэнта ў рэйтынгавым працэсе, а таксама адсутнасць іншых крыніц для адэкватнай праверкі ключавых крэдытных фактараў, уключаючы падаткова — бюджэтную палітыку і палітыку кіравання абавязкам, абмяжоўваюць нашу здольнасць правяраць фактычныя элементы, неабходныя для вызначэння рэйтынгу, — паведамляе Fitch Ratings.
11 верасня міжнароднае рэйтынгавае агенцтва Standard & Poor's таксама адмовілася публікаваць рэйтынгі для Беларусі праз адсутнасць інфармацыі аб выкананні дзяржбюджэту і звестак аб выплаце дзяржаўнай запазычанасці.
Рэйтынгі патрэбныя для таго, каб інвестары разумелі, у якім становішчы знаходзіцца краіна і наколькі рызыкоўна ўкладваць у яе грошы. Паколькі беларускія ўлады хаваюць значную частку статыстыкі аб дзяржаўных фінансах, скласці рэйтынг сапраўды складана.
У 2022 годзе Fitch Ratings і Standard & Poor's знізілі беларускі рэйтынг да"абмежаванага дэфолту". Гэта адбылося пасля таго як улады вырашылі разлічвацца беларускімі рублямі па еўрааблігацыях. Мінфін адказаў, што агенцтвы проста прадузятыя.
Каб сачыць за галоўнымі навінамі, падпішыцеся на канал Еўрарадыё ў Telegram.
Мы штодня публікуем відэа пра жыццё ў Беларусі на Youtube-канале. Падпісацца можна тут.