"Збяднеюць усе". Улады зноў хаваюць статыстыку, і гэта б'е па гаманцах беларусаў

У закрыцці статыстыкі зацікаўленыя толькі неэфектыўныя чыноўнікі / калаж Улада Рубанава, Еўрарадыё
У закрыцці статыстыкі зацікаўленыя толькі неэфектыўныя чыноўнікі / калаж Улада Рубанава, Еўрарадыё

Беларускі статыстычны камітэт атрымаў магчымасць хаваць звесткі, публікацыя якіх нібыта пагражае нацыянальнай бяспецы. Гэта шкодзіць развіццю краіны і вядзе да збяднення беларусаў, лічаць апытаныя эксперты.

Еўрарадыё даведалася, чаму закрыццё статыстыкі ўплывае нават на тых, хто ніколі не цікавіўся лічбамі, якія дзяржава збірае за грошы падаткаплатнікаў.

 

“Праблемы будуць вылівацца ў яшчэ большыя праблемы”

У новай інструкцыі Белстата гаворыцца, што ведамства будзе хаваць дадзеныя, калі іх раскрыццё “можа нанесці шкоду нацыянальнай бяспецы, грамадскаму парадку, маральнасці, правам і законным інтарэсам юрыдычных і фізічных асоб”. Інструкцыя дзейнічае з 5 красавіка. А за дзень да гэтага беларускія СМІ заўважылі, што Белстат схаваў статыстыку па адтоку кадраў у IT-сферы. 

"Збяднеюць усе". Улады зноў хаваюць статыстыку, і гэта б'е па гаманцах беларусаў
У IT усё так добра, што давялося схаваць звесткі пра звальненні / pexels.com

Да гэтага ўлады схавалі сярод іншага статыстыку па смяротнасці, па знешнім гандлі, пра фінансавыя справы краіны.

На думку старшага навуковага супрацоўніка BEROC Льва Львоўскага, статыстыка знікае не ад добрага жыцця. Рэч тут не ў нацыянальнай бяспецы, а ў жаданні схаваць няўдачы. Гэта вядзе да таго, што беларусы будуць жыць горш.

Дзяржава — гэта вялікі механізм. Каб ім эфектыўна кіраваць, трэба ведаць, дзе праблемы і адкуль яны ўзяліся. Каб гэта ведаць, патрэбная дзяржаўная статыстыка. Калі усё засакрэціць, то зразумела, што дзесьці будуць узнікаць праблемы, а ніхто пра іх не будзе ведаць. Журналісты не будуць пра іх казаць, чыноўнікаў не будуць пра іх пытацца. Адпаведна, чыноўнікі нічога не будуць рабіць своечасова і праблемы будуць вылівацца ў яшчэ большыя праблемы.

"Збяднеюць усе". Улады зноў хаваюць статыстыку, і гэта б'е па гаманцах беларусаў
У краіне “здаровага чалавека” можна было б паскардзіцца на Белстат у суд і вярнуць статыстыку / Еўрарадыё

У некаторых выпадках дзяржава сапраўды можа хаваць некаторыя звесткі. Але ў Беларусі ўлады злоўжываюць гэтай магчымасцю, лічыць юрыст НАУ Арцём Праскаловіч.

У нас ёсць Канстытуцыя, якую чарговым разам згвалціў Аляксандар Лукашэнка ў мінулым годзе. Яна, з аднаго боку, гарантуе распаўсюджанне інфармацыі пра справы ў дзяржаве. Разам з тым ёсць пункт пра тое, што любыя правы і свабоды грамадзян могуць быць абмежаваныя ў інтарэсах нацыянальнай бяспекі. Але ж Белстат злоўжывае гэтым паўнамоцтвам і закрывае тую статыстыку, якая ў разуменні любога чалавека не мае непасрэднага дачынення да нацыянальнай бяспекі. Калі б гэта былі дадзеныя пра колькасць вайскоўцаў, міліцыі, вайсковай тэхнікі, то гэта яшчэ можна было б зразумець. Але сёння вырашылі закрыць адны звесткі, заўтра — іншыя, бо для іх нацыянальная бяспека роўная бяспецы рэжыму Лукашэнкі.

Каб сачыць за галоўнымі навінамі, падпішыцеся на канал Еўрарадыё ў Telegram.

Мы штодня публікуем відэа пра жыццё ў Беларусі на Youtube-канале. Падпісацца можна тут.

Апошнія навіны

Галоўнае

Выбар рэдакцыі