Фіёна Гіб: Расія — як моцнае дзіця, якое ў пясочніцы запалохвае слабых

Фіёна Гіб: Расія — як моцнае дзіця, якое ў пясочніцы запалохвае слабых

Расійская рыторыка ў дачыненні да Беларусі апошнім часам выглядае хвалююча. Пра гэта брытанская амбасадар Фіёна Гіб заявіла ў эфіры Еўрарадыё. 

"Мне здаецца, што Расія цяпер моцна цісне на Беларусь. Пра гэта кажуць мае беларускія сябры. За многія гады яны бачылі і падзенні, і ўзлёты ў беларуска-расійскіх адносінах. Але менавіта цяпер рыторыка, той пасыл, які ідзе з Расіі, выглядае асабліва хвалюючым... Такія паводзіны Расіі мы б назвалі булінгам, запалохваннем. Так больш моцныя дзеці запалохваюць больш слабых у пясочніцы", — зрабіла параўнанне дыпламат.

На яе думку, усялякі саюз, колькі б бакоў у яго ні ўваходзіла, мусіць быць заснаваны на прынцыпах раўнапраўя і ўзаемнай павагі. 

Карэспандэнт Еўрарадыё Зміцер Лукашук пацікавіўся ў Фіёны Гіб, ці бачыць яна пагрозу для незалежнасці Беларусі ў такой сітуацыі.

На гэта брытанская амбасадар адказала: "Эканоміка Беларусі моцна залежыць ад Расіі. Я вельмі спадзяюся, што цяперашняя сітуацыя не ставіць Беларусь пад пагрозу Расіі. Спадзяюся, што Беларусь знойдзе выхад з сітуацыі, але для гэтага ёй патрэбныя і іншыя сябры — і ў Еўрасаюзе, і ў іншых частках свету. Беларусі трэба развіваць адносіны з гэтымі карінамі больш актыўна, што яна цяпер і робіць". 

Больш важных і цікавых навінаў у праграме "Еўразум" за 27.12

Апошнія навіны

Галоўнае

Выбар рэдакцыі