Фізік Андрэй Ажароўскі пра версіі, чаму расце ўзровень выпраменьвання каля ЧАЭС
Ваенная тэхніка на пляцоўцы каля ЧАЭС / кадр відэа
Расійскі фізік-ядзершчык Андрэй Ажароўскі пракаментаваў навіны, якія прыходзяць з пляцоўкі Чарнобыльскай АЭС.
Напярэдадні вечарам расійскія вайскоўцы ўзялі пад кантроль тэрыторыю ЧАЭС. А раніцай у пятніцу прыйшлі навіны пра рост там узроўню радыяцыі.
Ажароўскі піша, што звычайныя значэнні гама-выпраменьвання для зоны адчужэння "ад 2 мкЗв/ч (гэта шмат, але гэта Чарнобыль!). Вечар 24 лютага 65 мкЗв/г — рост больш чым у 30 разоў".
Ён мяркуе, што рост узроўню радыяцыі сведчыць пра ўцечкі радыенуклідаў. Эксперт дапускае дзве версіі, чаму гэта магло адбыцца. Першая: у выніку ваенных дзеянняў была разбураная або пашкоджана якая-небудзь сістэма забеспячэння бяспекі. І другая: у выніку ваенных дзеянняў персанал ЧАЭС пакінуў працоўныя месцы, і якая-небудзь сістэма забеспячэння бяспекі перастала працаваць.
"Гэта дрэнна. Дадатковыя (да катастрофы 1986 года) паступлення небяспечных радыенуклідаў у навакольнае асяроддзе нясуць рызыкі для здароўя людзей. Уцечкі могуць працягвацца і ўзмацняцца", — піша Андрэй Ажароўскі.
Ён таксама нагадаў, што акрамя саркафага, пад якім схаваны разбураны 4-ы энергаблок, на станцыі ёсць яшчэ рэактары 1-га, 2-га і 3-га блокаў, сховішчы радыеактыўных адходаў і адпрацаванага ядзернага паліва.
Каб сачыць за галоўнымі навінамі, падпішыцеся на канал Еўрарадыё ў Telegram.
Мы штодня публікуем відэа пра жыццё ў Беларусі на Youtube-канале. Падпісацца можна тут.