Флемінг Роўз: Рэакцыя Еўропы ў падтрымку свабоды выказванняў спазнілася
Дацкая газета Jyllands-Posten пасля карыкатураў на прарока Мухамеда 9 гадоў заставалася ў адзіноце.
Рэдактар аддзела культуры дацкай газеты Jyllands-Posten лічыць, што жах, які ахоплівае Еўропу, можа стаць перадумовай для з’яўлення дыктатуры.
Флемінг Роўз — чалавек, які ў 2005 годзе прыняў рашэнне апублікаваць карыкатуры на прарока Мухамеда, якія затым былі перадрукаваныя французскім штотыднёвікам Charlie Hebdo. За яго галаву Іран абяцаў цэнтнер золата. Роўз лічыць сённяшнюю падтрымку свабоды выказванняў крыху запозненай, пра гэта ён распавёў каналу Euronews.
“Наша газета заставалася ў адзіноце апошнія 9 гадоў. Ніхто не пісаў на футболках “Я — Jyllands-Posten”, як гэта робяць у падтрымку Charlie Hebdo. Пакуль яшчэ на Захадзе ёсць шмат свабоды, але таксама адчуваецца, што яго ахоплівае жах. І гэта таксама мяне турбуе, таму што невядома, чым усё гэта скончыцца. Бо атмасфера страху — гэта глеба для дыктатуры”, — кажа Роўз.
Магчыма, менавіта страхам тлумачыцца тое, што “Jyllands-Posten” у гэтыя дні не перадрукавала карыкатуры забітых мастакоў Charlie Hebdo. З 2005 года паліцыя прадухіліла не адну спробу тэракту супраць дацкай газеты.
Фота — tribuna.ru