Фолк-фэст “Камяніца” пройдзе пад Мінскам
Яго ладзяць ужо ў шосты раз.
Фэст пройдзе ў суботу на тэрыторыі Музея народнай архітэктуры і побыту. Сёлета арганізатары плануюць пашырыць культурны напрамак мерапрыемства.
“За гэтыя гады мы адбудавалі якасную музычную праграму фэсту, забавы і рамёствы. Наша наступная мэта — пашырыць культурны напрамак “Камяніцы”. Таму мы запрашаем да ўдзелу фатографаў, дызайнераў і мастакоў, якія працуюць у рэчышчы нацыянальнай культуры. Запрашаем адукацыйныя праекты і проста творчых людзей, якія жадаюць паказаць сваю працу шырокай аўдыторыі”, — распавёў naviny.by каардынатар фестывалю Сяргей Чэгрынец.
У фэсце бяруць удзел лепшыя прадстаўнікі беларускай фолк-сцэны і замежныя госці. У мінулыя гады на "Камяніцу" прыязджалі “Даха Браха” (Украіна), Orkiestra Sw.Mikolaja (Польшча), “Іван Купала” (Расія), “Фолькнери” (Украіна) і шэраг іншых выканаўцаў.
Фестываль “Камяніца” адбываецца з 2009 года і мае дабрачынны характар. Усе сродкі ад квіткоў ідуць на рахункі Музея народнай архітэктуры і побыту у вёсцы Азярцо пад Мінскам (4 км за аўтарынак “Малінаўка”), дапамагаючы захоўваць самую вялікую ў Беларусі калекцыю аўтэнтычнай драўлянай архітэктуры XVIII-XX стагоддзяў.
Фота: eventbelarus.by