Фолк-фэст "Камяніца" зацвердзіў двухдзённы фармат
Арганізатары плануюць выступы ўсіх самых яскравых прадстаўнікоў фэсту за ўсе гады існавання і намётавае мястэчка.
Пяты фолк-фэст "Камяніца" ўпершыню стане двухдзённым. Ён збярэ лепшых прадстаўнікоў беларускай фолк-сцэны. Раней паведамлялася, што арганізатары плануюць выступы ўсіх самых яскравых прадстаўнікоў фэсту за ўсе гады існавання, але імёны хэдлайнераў дагэтуль застаюцца ў сакрэце.
Замежныя госці на фэсце дакладна будуць. У планах арганізатараў — зладзіць другое прышэсце на “Камяніцу” этна-дыскатэкі ад рэзідэнта 2011 года Алега Скрыпкі ды прывезці новую праграму ад гурта “Іван Купала”, якія закрывалі фестываль летась.
Пакуль жа абвешчаны прыём заявак на ўдзел у юбілейнай “Камяніцы”. Музыкі, мастакі, народныя майстры і іншыя творчыя людзі могуць даслаць партфоліа на адрас [email protected].
Сёлета оўпэн-эйр адбудзецца ў першыя выходныя верасня на пляцоўцы “Музея народнай архітэктуры і побыту”, што знаходзіцца ў 4 км. ад Мінска. Усе сродкі ад продажу квіткоў, як і ў мінулыя гады, пойдуць на рахункі музея.
На фестывальнай пляцоўцы будзе арганізаванае намётавае мястэчка.
За навінамі "Камяніцы" можна сачыць на афіцыйных старонках у сацыяльных сетках Facebook і "вКонтакте" ды на сайце Еўрарадыё.