Foreign Policy: у студзені Дзяржсакратар ЗША Майк Пампеа наведае Беларусь
Майк Пампеа / twitter.com/SecPompeo
Амерыканскі сайт Foreign Policy піша, што ў студзені 2020 года Беларусь з афіцыйным візітам наведае Дзяржсакратар ЗША Майк Пампеа. Пацяпленне адносінаў паміж Беларуссю і ЗША выданне ўключыла ў спіс з дзесяці важных гісторый 2019 года, якія яго чытачы маглі прапусціць.
"Адміністрацыя Трампа наладжвае больш цесныя сувязі з адной з апошніх краін, якая цалкам знаходзяцца на арбіце Масквы. Тагачасны дарадца прэзідэнта Дональда Трампа па нацыянальнай бяспецы Джон Болтан наведаў Беларусь у пачатку гэтага года [насамрэч гэты візіт адбыўся ў жніўні 2019-га. — Еўрарадыё], і афіцыйныя асобы ЗША кажуць, што дзяржсакратар Майк Пампеа, як чакаецца, возьме з яго прыклад і ў студзені адправіцца ў Мінск", — піша Foreign Policy.
Калі звесткі выдання адпавядаюць рэчаіснасці, у Беларусь упершыню прыедзе кіраўнік Дзярждэпартамента ЗША — таго самага "Дзярждэпу", пра які так любяць распавядаць прапагандысцкія тэлеканалы. Візіт адбудзецца на фоне беспрэцэдэнтнага крызісу ў адносінах Беларусі з Расіяй, якая настойвае на "паглыбленні інтэграцыі" у рамках Саюзнай дзяржавы.
Foreign Policy адзначае, што Вашынгтон наклаў на Беларусь санкцыі за парушэнні правоў чалавека, а Беларусь выслала амбасадара ЗША. "Але цяпер чакаецца, што Злучаныя Штаты адновяць дыпламатычныя адносіны з Беларуссю — даслаўшы амбасадара ў Мінск упершыню за больш чым дзесяцігоддзе — нават нягледзячы на тое, што прэзідэнт Расіі Уладзімір Пуцін спрабуе падпарадкаваць яе", — падсумоўвае амерыканскі сайт.
Дарэчы, на пачатак студзеня 2020 года запланаваны візіт Майка Пампеа ва Украіну. Пра гэта паведамляе hromadske. Верагодна, як і Джон Болтан за паўгода да яго, дзяржсакратар ЗША заедзе ў Мінск пасля сустрэчы з прэзідэнтам Украіны Уладзімірам Зяленскім у Кіеве.
ЗША і Беларусь сапраўды дамовіліся аднавіць дыпламатычныя прадстаўніцтвы на ўзроўні амбасадараў. Пра гэта стала вядома 17 верасня, падчас сустрэчы Аляксандра Лукашэнкі і Дэвіда Хэйла — намесніка Майка Пампеа па палітычных пытаннях.
За апошні год амерыканскія чыноўнікі высокага ўзроўню ў прынцыпе не абыходзілі ўвагай Беларусь. Акрамя Хэйла і Болтана, у нашай краіне двойчы пабываў намеснік памочніка дзяржсакратара ЗША Джордж Кент.
Каб сачыць за галоўнымі навінамі, падпішыцеся на канал Еўрарадыё ў Telegram.
Мы штодня публікуем відэа пра жыццё ў Беларусі на Youtube-канале. Падпісацца можна тут.