Пасажыр “Белавіі”: Смецце, засалены і парваны тэкстыль, абадраныя ручкі

Самалёт “Белавіі” рэйса Салонікі — Мінск толькі прызямліўся ў беларускай сталіцы, як у інтэрнэце з’явіліся водгукі пасажыраў, абураных брудным лайнерам.


“Толькі зайшоў у самалёт — захацелася рукі памыць. Як можна, з’яўляючыся манапалістам на рынку з касмічнымі цэнамі, дазваляць сабе такое, незразумела. Смецце, засалены і парваны тэкстыль, абадраныя ручкі, нават часопісы “Белавіі” рваныя, а памяткі эвакуацыі — з чорнымі плямамі”, — піша ў Фэйсбуку Нік Маторын. Ён здзіўляецца, што самалёт, білет на які каштуе 350 еўра, знаходзіцца ў такім стане. Нават калі самалёт стары, чаму яго не прыбралі, абураецца ён.


На фота бачна, што парваная абшыўка некалькіх крэслаў, брудная інструкцыя па тэхніцы бяспекі, а падлакотнікі забітыя абгорткамі ад цукерак.


“А там грошы за праезд не перадаюць пілоту?”, — жартуюць карыстальнікі фэйсбука. Зразумела, што нанеслі смецця ў самалёт папярэднія пасажыры, але чаму борт не прыбралі?


“Самалёты прыбіраюцца пастаянна, перад кожным рэйсам і ў прамежкавых аэрапортах, — каментуе сітуацыю намеснік гендырэктара “Белавіі” Ігар Чаргінец. — Праз тое, што ў прамежкавых аэрапортах самалёт звычайна стаіць мала, каля гадзіны, то там прыбрацца звышстаранна не атрымліваецца, але… Імаверна, праз тое, што ў аэрапорце ў Салоніках вялікі аб’ём працы, вялікая колькасць самалётаў, авіякампаній і рэйсаў, там проста не паспяваюць дастаткова добра прыбіраць”. 


Што да тэкстылю, то Ігар Чаргінец мяркуе, што парваўся ён яшчэ падчас пералёту ў Салонікі з Мінска. А крэслы рамантуюць толькі ў сваім аэрапорце.


Як даведалася Еўрарадыё, гэты самалёт Boeing 737-300 1996 года выпуску ў “Белавіі” лётае з траўня 2009 года, да гэтага лётаў у Кітаі на Air China.

Апошнія навіны

Галоўнае

Выбар рэдакцыі