Фрыдман: сустрэча Лукашэнкі з Дугіным — гэта смешна, але і страшна

Лукашэнка з Дугіным / president.gov.by
Лукашэнка з Дугіным / president.gov.by

Сустрэча Лукашэнкі з ідэолагам "рускага свету" Аляксандрам Дугіным адбылася, бо абодва бакі хочуць паказаць сваю значнасць, лічыць гісторык, палітычны аглядальнік Аляксандр Фрыдман. Для беларусаў гэта можа скончыцца дрэнна, бо Дугін — спрытны прапагандыст ідэй нянавісці. Невядома, што за гэту сустрэчу ўзяў для сябе Лукашэнка.

Сустрэча была патрэбна Дугіну, які хоча прадэманстраваць сваю ўплывовасць. Дугіна лічаць вельмі ўплывовым філосафам, асабліва на Захадзе. Там у першыя дні вайны выходзіў шэраг публікацый, у якіх тлумачылася, што Дугін — гэта нешта кшталту прыватнага філосафа Пуціна. А ёсць і іншыя публікацыі, што ўплыў Дугіна вельмі перабольшаны.

Дугін сам імкнецца паказаць, які ён моцны, з якімі сур’ёзнымі асобамі сустракаецца. Паколькі Пуцін з ім не сустракаецца, прынамсі публічна, вось атрымалася магчымасць сустрэцца з Лукашэнкам.

Для Лукашэнкі важна быць у цэнтры ўвагі. Тым больш ён і яго асяроддзе знаходзяцца пад моцным уплывам расійскай прапаганды, адзначае эксперт.

Ён жа сам прызнаваўся, што глядзіць розныя расійскія палітычныя ток-шоу. Там жа часта згадваецца Дугін. Тым больш калі мы паглядзім на асяроддзе Лукашэнкі, людзі кшталту Гігіна, яны ж адкрыта захапляюцца Дугіным. Магчыма, яны Лукашэнку прапанавалі, што ёсць такі надзвычайны філосаф, з гэтым чалавекам ёсць магчымасць сустрэцца.

У Лукашэнкі ўвогуле цяпер надзвычайныя часы. Хто б мог прадказаць, што ўжо на працягу трох гадоў Лукашэнка сістэматычна будзе даваць інтэрв'ю вельмі сур’ёзным і ўплывовым медыя? Паразмаўляў ён з гэтымі медыя, а цяпер вырашыў сустрэцца з гэтым філосафам так званым.  
 

Лукашэнка шукаў дзяржідэю з ідэолагам рускага фашызму

Сярод іншага Лукашэнка з Дугіным абмяркоўвалі дзяржаўную ідэю Беларусі. Але навошта шукаць яе з Дугіным, калі яна нібыта ёсць?

Гэта сведчыць пра выразную супярэчлівасць Лукашэнкі. З аднаго боку, ён заўсёды падкрэслівае, што ён стварыў незалежную беларускую дзяржаву. І вось высвятляецца, што Лукашэнка як бы беларускую незалежную дзяржаву стварыў, а дзяржаўнай ідэалогіі ці нейкай ідэалогіі ўвогуле ў гэтай краіны няма.

І гэта негледзячы на тое, што Беларусь — вельмі ідэалагізаваная краіна, што нават выкладаецца дзяржаўная ідэалогія і іншае. Дзяржаўная ідэалогія ёсць, а вось ідэі як такой няма. І для таго, каб нейкім чынам ідэю намацаць, трэба паразмаўляць з такім філосафам, як Дугін. Гэта выглядае смешна і гратэскна. Але, з аднаго боку, гэта смешна, а калі мы паглядзім на беларускую рэчаіснасць, тут ужо не да смеху. Гэта ўсё сур’ёзна, і нават такія сустрэчы, як з Дугіным, — гэта вельмі сур’ёзна. Бо Дугін такі спрытны прапагандыст ідэй нянавісці. І хто ведае, якія ідэі ў далейшым будуць уплываць на паводзіны і дзеянні Лукашэнкі.

Таксама Дугін прасоўвае псеўданавуковую ідэю еўразійства, што для беларусаў таксама шкодна.
 
Гэта тэорыя, якую вельмі часта называюць расійскім фашызмам. Дугін жа кажа, што нам патрэбна ідэалогія, каб супрацьстаяць Захаду. І вось для Дугіна гэта была проста вельмі выдатная магчымасць Лукашэнку нешта пра гэта ў прамой размове сказаць і зрабіць з Лукашэнкі адэпта еўразійства.

Ці гэта атрымалася, мы пабачым наступнымі днямі і тыднямі. З Лукашэнкам жа вельмі цікава, калі ён адыходзіць ад паперкі і пачынае размаўляць, вельмі хутка можна зразумець, што на Лукашэнку паўплывала, — робіць выснову Аляксандр Фрыдман.

Каб сачыць за галоўнымі навінамі, падпішыцеся на канал Еўрарадыё ў Telegram.

Мы штодня публікуем відэа пра жыццё ў Беларусі на Youtube-канале. Падпісацца можна тут.

Апошнія навіны

Галоўнае

Выбар рэдакцыі