ФСБ: тыя, хто рыхтаваў замах на Лукашэнку, збіраліся прысвоіць яго маёмасць
Аляксандр Фядута і Юрый Зянковіч у Маскве
Затрыманыя па справе замаху на Лукашэнку і яго дзяцей збіраліся прысвоіць сабе яго маёмасць. Пра гэта піша РБК са спасылкай на праграму "Вести недели" на тэлеканале "Россия 1", дзе паказалі аператыўную здымку ФСБ.
У сюжэце гаворыцца, што затрыманыя ў Маскве палітолаг Аляксандр Фядута і адвакат Юрый Зянковіч з дапамогай хакераў здабылі дадзеныя вышэйшых службовых асобаў Беларусі, якіх нібыта планавалася забіць ці пазбавіць волі. А да падрыхтоўкі дзяржаўнага перавароту меркавалася прыцягнуць нацыяналістаў з Кіева. Пра гэта яны гутарылі ў Маскве на Садовым кальцы з некалькімі генераламі Узброеных сіл Беларусі. На сустрэчы палітолаг і адвакат заяўлялі, што для трансфармацыі грамадства і дзяржавы ім трэба як мінімум пяць гадоў. А пасля перавароту з Беларусі трэба будаваць інкубатар "па вырошчванні дэмакратыі" па прынцыпе Польшчы.
"Таму што, калі зараз правесці выбары, то ў нас замест Лукашэнкі выберуць Лукашэнку. І будзе тое ж самае яшчэ на 25 гадоў", — сказаў Зянковіч. У канцы гэтай сустрэчы Зянковіч і Фядута прапанавалі генералам прысвоіць сабе маёмасць Лукашэнкі.
"Я практычна ўпэўнены, што ў нашага Сашы дзесьці ляжыць кашалёк з запасам. Яго трэба проста ўзяць, ціхенька, пры сустрэчы", — сказаў Зянковіч. Адзін з генералаў спытаўся, дзе Лукашэнка можа трымаць свае запасы. "Дома, хутчэй за ўсё, у Астрашыцкім гарадку, і ён будзе не улічаны", — адказаў адвакат.
17 красавіка Аляксандр Лукашэнка заявіў пра раскрыццё падрыхтоўкі замаху на яго і яго дзяцей і дзяржаўнага перавароту. Па яго словах, трое ўдзельнікаў злачыннай групоўкі затрыманыя: гэта палітолаг і літаратуразнаўца Аляксандр Фядута, амерыканскі адвакат беларускага паходжання Юрась Зянковіч і лідар партыі БНФ Рыгор Кастусёў.
Як доказ змовы дзяржпрапаганда выкарыстоўвае скрыншот з канферэнцыі ў "зуме". Адзін з удзельнікаў канферэнцыі, былы амапавец Павел Кулажанка пракаментаваў Еўрарадыё, што гэта была "звычайны размова з дыскусійнага клуба палітычных тэарэтыкаў". Не больш за тое.
Каб сачыць за галоўнымі навінамі, падпішыцеся на канал Еўрарадыё ў Telegram.
Мы штодня публікуем відэа пра жыццё ў Беларусі на Youtube-канале. Падпісацца можна тут.