Галоўчанка расказаў, колькі вакцыны ад COVID-19 закупіць Беларусь
Шпрыц з вакцынай / pixabay.com
Ва ўрадзе Беларусі не гатовыя сказаць, калі ў краіне пачнецца масавая вакцынацыя ад COVID-19. Тлумачаць гэта тым, што яшчэ ідуць выпрабаванні.
"Але я разлічваю, што найбліжэйшым часам гэты этап павінен быць скончаны", — сказаў у эфіры Беларускага тэлебачання прэм'ер-міністр Раман Галоўчанка.
Па яго словах, Беларусь мае намер на пачатковым этапе закупіць у Расіі 100 тысяч доз вакцыны. Цана абмяркоўваецца.
"Гэта залежыць у тым ліку ад таго, будзем мы, дапусцім, браць гатовыя вакцыны або іх кампаненты і тут ужо іх змешваць, вырабляць на месцы", — сказаў Галоўчанка.
Ён нагадаў, што таксама стаў адным з беларускіх добраахвотнікаў, якія прышчапіліся расійскай вакцынай. Сказаў, што адчувае сябе добра.
Іншая добраахвотніца, 23-гадовая Кацярына Мінчонак, у інтэрв'ю Еўрарадыё расказвала, што пасля першага этапу вакцынацыі два дні ў яе трымалася тэмпература 38,7.
"Доктар, вядома, турбаваўся вельмі моцна. Тэлефанаваў, даведваўся", — казала яна.
У выпрабаваннях расійскай эксперыментальнай вакцыны ад каранавіруса Sputnik-V бярэ ўдзел каля 40 тысяч расіян і 100 беларусаў.
Каб сачыць за галоўнымі навінамі, падпішыцеся на канал Еўрарадыё ў Telegram.
Мы штодня публікуем відэа пра жыццё ў Беларусі на Youtube-канале. Падпісацца можна тут.