Напад з нажом у Стоўбцах: пацярпелыя падлеткі ў стабільна цяжкім стане
Загадчык аддзела хірургіі Стаўбцоўскай бальніцы Дзмітрый Пляскач распавёў Еўрарадыё, што двое 16-гадовых хлопцаў, якія пацярпелі пры нападзе з нажом ў школе №2, знаходзяцца ў рэанімацыі:
"Цяпер абодва хлопчыкі знаходзяцца ў стабільна цяжкім стане, яны ў рэанімацыі. Прыбылі да нас з нажавымі раненнямі. Былі аператыўна разгорнутыя аперацыйныя і праведзеныя аперацыі".
Аперавалі іх мясцовыя лекары. Таксама з-за неардынарнасці сітуацыі былі запрошаныя спецыялісты мінскай гарадской клінічнай бальніцы, якія неўзабаве прыбылі ў Стоўбцы.
Трагедыя ў школе №2 у Стоўбцах адбылася зранку 11 лютага. Адзін са школьнікаў напаў за нажом на настаўніцу і трох вучняў. Пасля гэтага ён уцёк з месца здарэння. Затрымалі яго праз дзве гадзіны ў пад'ездзе аднаго з дамоў.
Настаўніца і адзін з вучняў памерлі. Два астатнія вучні былі тэрмінова шпіталізаваныя.