Галоўны інжынер і намеснік дырэктара 1,5 года не могуць знайсці працу
Кадравыя агенцтвы кажуць пра крызіс на рынку вакансій: заробкі падаюць, вакансій мала.
"Каб доўга людзі высокіх пасад шукалі працу — гэта нонсэнс. Галоўны інжынер ці намеснік дырэктара па паўтара года без працы. Такога не было яшчэ ні ў адзін крызіс. Другі момант — вельмі нізкія заробкі. Мінімальны заробак — пяць мільёнаў. Нават на вакансіі начальнікаў аддзелаў", — апісвае сітуацыю на рынку працы дырэктар кадравага цэнтра "Статус" Наталля Чайлытка.
Менеджарам па продажах цяпер прапануюць толькі працэнты ад продажу ў заробак. Ніякіх ставак. Павялічваюцца выпрабавальныя тэрміны, нават да трох месяцаў.
"Спецыяліста бяруць на працу, прапануюць аклад і абяцаюць кожны месяц павышаць гэты аклад. Спецыяліст мяркуе, што так і будзе, і заробак з пяці мільёнаў вырасце да дзесяці. Але гэтага не адбываецца. Заробак можа наадварот знізіцца. Пры гэтым функцый на чалавека вешаецца шмат", — дадае Наталля Чайлытка.
Найбольш скарачаюць аддзелы па падборы персаналу і турфірмы. Запатрабаванымі застаюцца праграмісты і фармацэўты.
Апошні дзень "дармаедства": як выглядае біржа працы 2 ліпеня (фота)
Беларусы, якія нідзе не працавалі з 1 студзеня 2015, ужо з 3 ліпеня будуць лічыцца "дармаедамі" і ў наступным годзе заплацяць падатак.
У цэнтры занятасці Цэнтральнага раёна Мінска зранку ў чарзе шэсць чалавек. Большасць — рабочыя, старэйшыя за сорак гадоў.
"Без працы з лістапада. Спецыяльнасцяў у мяне шмат. Апошнюю працу на фірме згубіў, бо захварэла мама, а да дырэктара было не дагрукацца. Цяпер знайшоў вакансію дворніка на 3,5 мільёна, побач з домам. Прайду, паспрабую", — расказвае мне Аляксандр. Да пенсіі яму адзін год, абіраць не даводзіцца.
"Мне проста трэба стаць на ўлік па беспрацоўі", — тлумачыць 30-гадовы Валерый.
Наведвальнікі цэнтра занятасці раяць не шукаць працу ў інтэрнэце, а адразу станавіцца ў чаргу як беспрацоўны. Так больш шанцаў.
"Вакансій стала менш удвая. Заробкі таксама зніжаюцца", — кажуць у мінскім раённым Цэнтры занятасці.
У Рэспубліканскім банку вакансій 27,5 тысяч вольных працоўных месцаў. Бухгалтару ў Брэсцкай вобласці прапануюць 2,3 мільёна, столькі ж юрысконсульту, дырэктару — больш за 6 мільёнаў.
У Мінску 9,3 тысячы вакансій. Гандлёваму прадстаўніку абяцаюць да шасці мільёнаў, фармацэўту — шэсць мільёнаў, рабочаму — толькі ад 2,3 да 3,5 мільёна.