Галоўны санітарны доктар заклікае мінчукоў насіць ахоўныя маскі

Галоўны санітарны доктар заклікае мінчукоў насіць ахоўныя маскі

Галоўны дзяржаўны санітарны доктар беларускай сталіцы Святлана Ярмак заклікае мінчукоў насіць ахоўныя маскі. Паводле яе слоў, у Мінску ўзмоцняць кантроль за выкананнем супрацьэпідэміялагічных мерапрыемстваў.

Як вядома, масачны рэжым дзейнічае ў сталіцы з сярэдзіны лістапада 2020 года. Між іншым, маскі абавязковыя ў грамадскім транспарце (кантроль узмоцняць найперш у метро).

Ярмак спасылаецца на тое, што ў Мінску працягваюць рэгістраваць выпадкі захворвання каранавірусам. "Таму хацелася б звярнуць увагу кіраўнікоў арганізацый... на неабходнасць няўхільна выконваць рашэнне Мінгарвыканкама, якое прадугледжвае абавязковы масачны рэжым, як для персаналу, так і наведвальнікаў аб'ектаў, а таксама захаванне супрацьэпідэміялагічных мер, абумоўленых санітарна-эпідэміялагічнай службай горада", цытуе словы галоўнага санітарнага доктара тэлеграм-канал @minskiygorispolkom.

Святлана Ярмак заклікае "не забываць насіць маскі ў грамадскіх месцах, транспарце". "Мы не ведаем, хто побач з намі, здаровы чалавек ці хворы, а маска — бар'ер, які абараняе нас ад траплення ў арганізм інфекцыі", — кажа яна.

Таксама ў Мінску правераць выкананне масачнага рэжыму ў аб'ектах гандлю і грамадскага харчавання. Начальнік галоўнага ўпраўлення гандлю і паслуг Мінгарвыканкама Ніна Емельянава гаворыць, што "апошнім часам супрацоўнікі крамаў сталі менш звяртаць увагі на выкананне масачнага рэжыму і супрацьэпідэміялагічных мерапрыемстваў". Таму 31 сакавіка стартуе маніторынг аб'ектаў гандлю і грамадскага харчавання.

Каб сачыць за галоўнымі навінамі, падпішыцеся на канал Еўрарадыё ў Telegram.

Мы штодня публікуем відэа пра жыццё ў Беларусі на Youtube-канале. Падпісацца можна тут.

Апошнія навіны

Галоўнае

Выбар рэдакцыі