Гарачэй за ўсё ў мінулыя выходныя было ў Магілёве, ёсць новыя рэкорды
У панядзелак і аўторак паветра месцамі прагрэецца да + 35 + 36°С / Еўрарадыё
Шэсць тэмпературных рэкордаў зафіксавана на беларускіх метэастанцыях у мінулую нядзелю 11 ліпеня, паведамляе БелаПАН са спасылкай на звесткі Белгідрамета.
Гарачэй за ўсё было ў Магілёве. Тут быў абноўлены адзін з лакальных рэкордаў — 34,1°С супраць 33,7 у 1959 годзе. Але да абсалютнага рэкорду дня крыху не хапіла. Гарачэй за ўсё 11 ліпеня было ў 1959 годзе ў Гродне (35°С).
Тэмпературны рэкорд дня пабіты і ў Віцебску, тут у нядзелю слупкі тэрмометраў падымаліся да 33,8 (32,1 у 2006-м). Акрамя таго максімумы дня перакрытыя ў Горках — 32,3 (31,3 у 2006 годзе), Мсціславе — 31,2 (28,8 у 2010-м), Воршы — 32,4 (31,6 у 2006-м) і Слуцку — 32,6 (32,3 таксама ў 2006-м).
Сіноптыкі з-за спякоты аб'явілі на гэтыя дні аранжавы ўзровень небяспекі. У панядзелак і аўторак, па іх прагнозах, месцамі па рэспубліцы паветра прагрэецца да + 35 + 36°С. у Мінску днём максімальная тэмпература паветра дасягне + 32 + 34°С.
Каб сачыць за галоўнымі навінамі, падпішыцеся на канал Еўрарадыё ў Telegram.
Мы штодня публікуем відэа пра жыццё ў Беларусі на Youtube-канале. Падпісацца можна тут.