Гарадскія ўлады Брэста падтрымалі аўтарскі арт-праект

У Брэсце да Дня горада 20 каналізацыйных люкаў каля дзіцячых пляцовак літаральна зайгралі фарбамі. Мастачка Іна Болундзь размалявала іх аўтарскімі малюнкамі.

Іна Болундзь ― прафесійная мастачка. Яна ўдзельнічала ў шэрагу выстаў у Мінску і Гродне. Як ілюстратар, яна выпусціла серыю дзіцячых кніг. У каментарыі Еўрарадыё дзяўчына прызнаецца, што стрыт-арт стаў для яе зусім новым досведам ― раней нечым падобным яна не займалася.

“Так бы мовіць, гэта мая першая “вылазка” ў стрыт-арце. Я сама мастачка ― малюю карціны, ілюструю дзіцячыя кніжкі, але праца на вуліцы ― гэта было для мяне нешта новае. Мяне на гэта падштурхнулі некалькі маіх сяброў, якія гэтым стала займаюцца. Раней мяне гэта зусім не цікавіла, я нават лічыла гэта ўсё вульгарным і непатрэбным… Аднак сам працэс мне спадабаўся”.

Рэалізаваць сябе як вулічны мастак Іна Болундзь змагла ў межах конкурса на стварэнне гарадскіх інсталяцый і малых архітэктурных форм. Праводзіла яго агенцтва рэгіянальнага развіцця “Дзедзіч”.

Свае эскізы і ідэі ўсе жадаючыя маглі даслаць да 11 чэрвеня. Паўдзельнічаць у конкурсе мог кожны чалавек, не абавязкова мастак ці архітэктар. Як адзначаюць арганізатары, галоўнай умовай было не пужацца эксперыментаваць з формай і прасторай, і мець жаданне ствараць актуальнае мастацтва.

Журы, у якое ўваходзілі спецыялісты Упраўлення архітэктуры і горадабудаўніцтва Брэсцкага гарвыканкама, узгадніла каля 10-ці лепшых прац. Каляровыя каналізацыйныя люкі на дзіцячых пляцоўках таксама атрымалі падтрымку гарадскіх улад.

“Ідэя ўзнікла даўно. Убачыла ў інтэрнэце падобныя размаляваныя люкі ў еўрапейскіх краінах, таксама былі ў Азіі (напрыклад, у Японіі). Мне гэта спадабалася, палічыла, што гэта пацешна. На той момант я не думала, што гэта можна рэалізаваць у нас, але так выпадкова атрымалася, што знайшла вось гэты конкурс", ― распавядае Іна Болундзь.

Па словах мастачкі, галоўнае для яе ў вулічным мастацтве ― не прысвоіць сабе тэрыторыю, а ўцягнуць гледача ў дыялог і паказаць розную сюжэтную праграму. Іна абрала люкі, бо лічыць, што сцяну ці агароджу не адолела б.

Убачыць на ўласныя вочы “вясёлыя люкі” можна на вуліцы Інтэрнацыянальнай (у раёне ЦУМа), на скрыжаванні вуліц Калесніка і Вулькаўскай, а таксама на вуліцы Махновіча. Але мастачка папярэджвае, што для гэтага трэба паспяшацца, бо праект не з’яўляецца доўгатэрміновым. З часам малюнкі вытапчуць мінакі.

Фота:  tut.by

Рубрыка “Ты можаш” спецыяльна для праграмы Кардыяграма

Апошнія навіны

Галоўнае

Выбар рэдакцыі