Гайдукевіч пра жыроўкі: Не ўсё так страшна, цярпець можна…
Старшыня Партыі БНФ Аляксей Янукевіч нібы рыхтаваўся да пытання — дастае свежую жыроўку з кішэні і называе лічбы.
“Вось яна, у мяне — 1 мільён 142 тысячы 400 рублёў. У мінулым месяцы, у мяне такое адчуванне, што я плаціў 500 тысяч. То бок, я амаль што перакананы, што ў два разы скаканула! Маю намер з людзьмі, якія больш разбіраюцца ў гэтым, паглядзець, што там і як. Бо, шчыра прызнацца, моцна і непрыемна быў уражаны, калі ўбачыў такую суму”, — абураецца палітык.
Паводле яго слоў, Партыя БНФ падрыхтавала заяву, прысвечаную росту тарыфаў на паслугі ЖКГ. Апроч таго, кажа Янукевіч, патэнцыйныя кандыдаты, якія плануюць браць удзел у парламенцкіх выбарах, “на сваіх акругах будуць ладзіць кампаніі і збор подпісаў з патрабаваннем прывесці гэтыя кошты ў адпаведнасць з рэальнымі даходамі і магчымасцямі беларусаў”.
Атрымаў жыроўку і экс-кандыдат у прэзідэнты Уладзімір Някляеў. Але назваць дакладную лічбу, а тым больш параўнаць з мінулым месяцам налічаную суму не змог.
Уладзімір Някляеў: “Недзе, у два разы там больш стала… У мяне для гэтага наогул жонка ёсць… Дык яна там тыкае гэтае ЖКГ… А вось лічбы я табе не магу цяпер сказаць”.
Сям’я палітыка жыве ў невялікай двухпакаёвай кватэры ў “хрушчоўцы” і, спрабуе прыгадаць Някляеў, у мінулым месяцы камуналка ў іх была прыблізна 300 тысяч, а цяпер дзесьці тысяч 600. Палітык плануе скарыстацца сітуацыяй, з паплечнікамі яны “рыхтуюць дакумент, які фіксуе гэтыя змены ў сямейных бюджэтах грамадзян”. Але гэта не азначае, што Някляеў ужо заўтра павядзе незадаволеных жыроўкамі людзей на плошчу. Палітык кажа, што сітуацыя сама можа “ўспыхнуць”. А вось калі яна “ўспыхне”, то яны павінны быць гатовыя “стаць побач альбо наперадзе людзей, якія гатовыя да супраціву”.
Лідар Ліберальна-дэмакратычнай партыі Сяргей Гайдукевіч жыве ў катэджы пад Мінскам. Жыроўку атрымаў на 240 тысяч “цяжэйшую” за папярэднюю. Але дакладную суму не называе.
Сяргей Гайдукевіч: “Ну, цярпець можна. Усё ж такі, няма скачка сур’ёзнага. Калі браць людзей пенсійнага ўзросту, улічваючы невялікі памер пенсій, там любыя 100-200 тысяч, зразумела, уплываюць. Але на фоне таго, што вакол нас адбываецца і ўнутры краіны, ну…”
Экс-каныдат у прэзідэнты Таццяна Караткевіч за снежань заплаціла 525 тысяч рублёў, а ў студзені — 807 тысяч. У іх кватэры жывуць чатыры чалавекі ў трох пакоях. Маці палітыка была ў шоку. Разам з суседкамі ладзілі нараду, разбіраліся, за што і колькі ім налічылі, сёння панесла жыроўку на працу і збіраецца ісці на разборкі ў ЖЭС. Бо жыхарам такой жа як у іх кватэры, але ў іншым раёне сталіцы налічылі тысяч на сто менш.
“Гавары праўду” ўжо выступіла з гнеўнай заявай з нагоды павышэння камуналкі. А што думаюць рабіць апроч таго?
Таццяна Караткевіч: “Накіроўваем людзей задаваць пытанні, высвятляць да канца ў сваіх служб ЖКГ: на якім узроўні будзе аплата, за што, чаму ліфт разлічваецца па квадратных метрах, а не з колькасці прапісаных жыхароў, да прыкладу”.
Ну, і абяцае, што яны з паплечнікамі будуць накіроўваць адпаведныя “запыты да ўлады”.
Фота Змітра Лукашука