"Газпрам": запазычанасць Беларусі за пастаўкі газу — больш за $165 мільёнаў
Запазычанасць Беларусі за пастаўкі газу складае 165,57 мільёна долараў, заявіў старшыня праўлення "Газпрама" Аляксей Мілер. Калі Беларусь расплаціцца, расійская кампанія гатовая будзе весці перамовы пра пастаўкі на 2021 год.
"Адразу, як толькі будзе цалкам урэгуляваная запазычанасць, расійскі бок будзе гатовы прызначыць перамовы па ўмовах пастаўкі газу з 1 студзеня 2021 года. Ліст з выкладаннем гэтай пазіцыі сёння быў накіраваны міністру энергетыкі Рэспублікі Беларусь", — перадае ТАСС словы кіраўніка расійскага газавага холдынгу.
Пасля падзення коштаў на нафту сусветныя кошты на газ таксама панізіліся. Між тым Беларусь плаціць па кантракце, які падпісала напрыканцы 2019 года — 127 долараў за 1000 кубаметраў. Афіцыйны Мінск хоча перагледзець расцэнкі: Аляксандр Лукашэнка абураўся, што ў гэты ж час газ для Германіі Расія прадае па 80 долараў за 1000 кубаметраў. Беларускія ўлады неаднаразова агучвалі патрабаванне "справядлівай цаны" на пастаўкі газу.
Каб сачыць за галоўнымі навінамі, падпішыцеся на канал Еўрарадыё ў Telegram.
Мы штодня публікуем відэа пра жыццё ў Беларусі на Youtube-канале. Падпісацца можна тут.